Ахову ўсходніх рубяжоў Еўрасаюза і падтрымку Украіны абмеркавалі 1 верасня на літоўска-беларускай мяжы прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага прэзідэнта, палітык назваў візіт кіраўніцы ЕК «магутным знакам салідарнасці», які паказвае, што «бяспека Літвы – гэта бяспека ўсяго ЕС».
Наўседа заявіў пра агульнае абавязацельства абараняць усходнюю мяжу ЕС і ўмацоўваць трываласць усёй Еўропы. Паводле яго слоў, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя і Польшча робяць «найбольшыя высілкі ў гэтай сферы». Задачу па «стрымліванні пагроз, умацаванні трываласці і гарантаванні бяспекі межаў Еўропы» ён назваў «як неадкладнай, так і доўгатэрміновай».
Паводле слоў Наўседы, Балтыйская лінія абароны і польская праграма «Усходні шчыт» з’яўляюцца «важнымі праектамі для агульных інтарэсаў Еўропы». Літоўскі прэзідэнт канстатаваў, што «рэгіён сутыкаецца з рэальнымі пагрозамі: атакамі варожых беспілотнікаў, гібрыднымі аперацыямі і пастаянным ціскам нелегальнай міграцыі на мяжы».
Сярод іншага Наўседа адзначыў важнасць «вайсковай мабільнасці для забеспячэння хуткага перамяшчэння войскаў і тэхнікі па тэрыторыі ЕС». Ён «станоўча ацаніў» прапанову Еўракамісіі павялічыць фінансаванне гэтай сферы «ў новай шматгадовай фінансавай праграме ЕС».
Прэзідэнт Літвы таксама заявіў пра неабходнасць узмацніць вайсковую падтрымку і пастрожыць санкцыі супраць Расіі. На яго думку, 19-ы пакет санкцый у дачыненні да РФ «мае быць скіраваны на «Расатам», энергетыку, банкаўскі сектар і ценявы флот».
вс