Беларуская Служба

Купалаўскі тэатр замест «Паўлінкі» паказаў прапагандысцкі спектакль пра «СВА»

02.10.2025 09:37
У апошні дзень верасня гледачы павіны былі ўбачыць у Купалаўскім тэатры «Паўлінку».
Фота з інстаграма Купалаўскага тэатра.

Але замест вядомага спектакля людзям прапанавалі прапагандысцкую пастаноўку пра вайну ў выкананні акцёраў Томскага абласнога тэатра драмы, перадае Наша Ніва.

Пра замену спектаклю Купалаўскі тэатр паведаміў за тыдзень. Прычына змен у рэпертуары звязана з тым, што 30 верасня планавалі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве паміж двума тэатрамі.
Неабходнасць супрацоўніцтва тлумачаць гістарычнай сувяззю – падчас Другой сусветнай вайны Купалаўскі тэатр эвакуіравалі ў Томск.

Падчас візіту расійская дэлегацыя захацела ашчаслівіць беларускую публіку. Для гэтага абралі прапагандысцкі спектакль «Чырвоны абоз».

Рэжысёр Аляксандр Дземчанка дзеля маніпуляцыі вырашыў правесці паралелі паміж Другой сусветнай вайной ды вайной ва Украіне, якую ў Расіі прынята называць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».

Першая частка прысвечана гісторыі рыбакоў Нарымскага краю, якія ў 1942 годзе адпраўлялі рыбу працоўным Кузбаса.

У другой частцы расказваецца, што «з пачаткам СВА «чырвоны абоз» рушыў ізноў». Дарэчы, з 2023 года існуе фонд «Чырвоны абоз. Томск – фронту», сярод мэт якога грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, дапамога расійскім вайскоўцам і іх сем'ям.

Перад пачаткам спектаклю беларускіх гледачоў папрасілі рабіць фота і відэа, выкладаць у свае сацсеткі і адзначаць Томскі тэатр.

Наша Ніва/ав