Беларуская Служба

Канчатковая пастанова наконт аховы Ціханоўскай яшчэ не прынятая – дарадчыца прэзідэнта Літвы

14.10.2025 12:46
У кастрычніку Літва панізіла ўзровень аховы Святланы Ціханоўскай і яе офісу – замест Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы гэтыя функцыі перайшлі да Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.
   -   . , 22  2025
Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі з вызваленымі палітвязнямі. Вільня, 22 чэрвеня 2025 годакрыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

Галоўная дарадчыца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Аста Скайсгірыце заявіла, што канчатковая пастанова адносна ўзроўню аховы Святланы Ціханоўскай пакуль не прынятая і абмеркаванні працягваюцца, паведамляе «Белсат» са спасылкай на LRT.

Са словаў Скайсгірыце, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прытрымліваецца пазіцыі, што Ціханоўская павінна і далей быць пад аховаю, аднак узровень і формы гэтай аховы павінны вызначаць адпаведныя службы.

Статус Святланы Ціханоўскай у Літве застаецца нязменным, зазначае дарадчыца: беларуская лідарка – госця краіны, а акрэдытацыя, выдадзеная МЗС Літвы Беларускаму дэмакратычнаму прадстаўніцтву, працягвае дзейнічаць, і гэта будзе ўлічвацца падчас прыняцця пастановы.

Скайсгірыце таксама пракаментавала заявы некаторых палітыкаў пра тое, што Ціханоўская можа разгледзець пераезд у Польшчу. «Спадарыня Ціханоўская – свабодны чалавек, яна не ў турме. Канешне, калі б яна захацела, магла б разглядаць іншыя варыянты, але нашая задача – зрабіць так, каб яна адчувала сябе ў бяспецы ў Літве», – сказала дарадчыца.

У кастрычніку Літва панізіла ўзровень аховы Святланы Ціханоўскай і яе офісу – замест Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы гэтыя функцыі перайшлі да Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. Гэта азначае, што дом і офіс беларускай лідаркі па-ранейшаму ахоўваюцца, аднак яна страціла асабістую ахову як у Літве, так і за мяжой.

Прыхільнікі скарачэння аховы сцвярджаюць, што змяненні былі праведзеныя з улікам ацэнкі ўзроўню пагрозы і па тэхнічных прычынах.

Крытыкі лічаць, што пастанова носіць палітычны характар і паніжае статус лідаркі беларускіх дэмсілаў.

Офіс Ціханоўскай заяўляе, што працягвае працу, нягледзячы на змяненне рэжыму аховы, аднак у самім офісе прысутнічае толькі частка работнікаў. Яны сцвярджаюць, што пасля гэтай пастановы літоўскіх уладаў павялічылася колькасць пагрозаў у іх адрас.

LRT адзначае, што калі б Офіс Ціханоўскай выехаў з Літвы, гэта сталася б не толькі фінансавай, але і рэпутацыйнай стратай для Вільні. Зніжэнне аховы ўспрымаецца не як тэхнічны крок, а як палітычны сігнал. Гэта выклікае занепакоенасць у прыхільнікаў дэмакратыі і можа паўплываць на міжнародны імідж Літвы.

вс