Беларуская Служба

У Ноч бібліятэк у цэнтры Варшавы пройдзе вечар беларускай літаратуры

16.10.2025 09:49
У гэтую пятніцу, 17 кастрычніка, па ўсёй Польшчы адбудзецца Ноч бібліятэк – агульнанацыянальнае мерапрыемства, прысвечанае прасоўванню чытання.
Аўдыё
  • У Ноч бібліятэк у цэнтры Варшавы пройдзе вечар беларускай літаратуры
Кнігі выдавецтва «Камунікат»фота: Яраслаў Іванюк

Тэма гэтага года – «Давайце працаваць!», якое заахвочвае да актыўнасці, сумеснай творчасці і смеласці ў дзеянні.

Нацыянальны каардынатар Ночы бібліятэк Катажына Солтан-Младажэнец сцвярджае, што бібліятэка – лепшае месца, каб пачаць сваё падарожжа з кнігамі.

- Бібліятэкі – гэта найлепшы стымул для чытання, як паказваюць даследаванні, і наш вопыт таксама, – кажа яна, дадаючы, што бібліятэкі пастаянна развіваюцца. – Яны вельмі адкрытыя для змен, адкрытыя для чытачоў, новых з'яў і тэхналогій, напрыклад, можна браць электронныя кнігі, у тым ліку з электроннай прыладай.

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць усе бібліятэкі: школьныя, дзяржаўныя, педагагічныя, акадэмічныя, музейныя, ваенныя, бальнічныя, турэмныя, сацыяльныя, навукова-даследчыя інстытуты, а таксама розныя ўстановы і арганізацыі. Больш за 1300 бібліятэк з усёй краіны ўжо зарэгістраваліся на сёлетнюю Ноч бібліятэк, чарговыя ўсё яшчэ далучаюцца.

У бібліятэцы раёну Сьрудмесце а 19.30 пройдзе вечар беларускай літаратуры. У бібліятэцы ўжо трэці год існуе паліцы з беларускімі кнігамі. Збор мае 200+ кніг.
Арганізатаркай сустрэчы і ініцыятаркай стварэння беларускай паліцы з’яўляецца Аляксандра Гушча, якая вядзе праект Zhyve.teka.

- Захацелася чарговы раз сабраць беларусаў і беларусак Варшавы, гасцей на сустрэчы пра белліт. Я заўсёды намагаюся рабіць такія сустрэчы, якія нельга прагугліць ці дзесьці знайсці. Гэта заўсёды ўнікальныя людзі. Гэтым разам будуць гутаркі пра белліт ад трох госцяў, якія добра ведаюць беларускую літаратуру і яе чытаюць. Марына Казлоўская – выкладчыца і рэдактарка тэкстаў. Гэта Дар’я Гардзейчык – журналістка і падкасцерка, Ксенія Цывуля – аматарка літаратуры. Мы пагаворым аб тым, чаму ў школах ці ВНУ белліт – гэта 60-дзясятнікі ці людзі старэйшага пакалення. Чаму выгадна белліт паказаць замшэлым і старым, нецікавым. Канешне, тут ёсць і палітычная сувязь. Раскажам пра факты, якія немагчыма знайсці, пра постмадэрнізм і спрэчкі, ці беларуская літаратура ў яго ўвайшла ці не. Хочацца паказаць, што беларуская літаратура цікавая, а не толькі пра сялян і вайну.


. 

Падчас Ночы бібліятэк бібліятэкі рыхтуюць шматлікія акцыі, у тым ліку штовечаровыя чытанні і кніжныя марафоны, паказы літаратурных адаптацый, літаратурныя гульні і мерапрыемствы, экскурсіі па складах і выставы спецыяльных калекцый, канцэрты, майстар-класы і танцы.

Сярод іншага, падчас Ночы бібліятэк можна вярнуць пратэрмінаваныя кнігі без выплаты штрафу.

слухайце аўдыё

ав