Беларуская Служба

Украіна заклікала партнёраў узмацніць ціск на Лукашэнку за рэпрэсіі ў «справе Гаюна»

15.10.2025 13:01
Праваабаронцы прагназуюць, што колькасць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
Сцяг УкраіныФота: 1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Міністэрстве замежных справаў Украіны адрэагавалі на рэпрэсіі ў Беларусі супраць грамадзян, якія дапамагалі маніторынгаваму праекту «Беларускі Гаюн», паведамляе «Свабода».

«З прыкрасцю канстатуем, што ў суседняй Беларусі нагодай для залічэння ў лагер «здраднікаў«, «свядомых« ці, як любіць казаць Аляксандр Лукашэнка, «адмарозкаў« можа стаць што заўгодна, нават неасцярожна вымаўленае па-беларуску слова. Перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць на мэце стварыць «абменны фонд«, дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае набываць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае ў вязніцы», – адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Украінскія дыпламаты бачаць «справу Гаюна» безумоўным пацверджаннем таго, што рэпрэсіі рэжыму ў Беларусі ёсць сістэмнымі і грубымі парушэннямі правоў чалавека і асноватворных міжнародна-праўных дакументаў.

«Заклікаем міжнародную супольнасць узмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку і яго памагатых. Нельга забывацца, што з 2022 году Беларусь стала саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны, надаўшы сваю тэрыторыю, паветраную прастору і рэсурсы для вядзення Расійскай Федэрацыяй захопніцкай вайны супраць нашай дзяржавы. Беларусь мусіць безумоўна панесці сваю частку адказнасці за здзяйсненне гэтага злачынства і ўсе наступныя зверствы супраць украінскага народу», – адзначаецца ў заяве замежнапалітычнага ведамства Украіны.

Раней у праваабарончым цэнтры «Вясна» пацвердзілі інфармацыю аб сама меней 88 фігурантах «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульны лік затрыманых значна большы, бо затрыманні ідуць дагэтуль па ўсёй Беларусі, найбольш – у Гомельскай вобласці.

Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» збірала звесткі пра перамяшчэнне расійскіх войскаў. Звесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў сітуацыі і ацэньваць пагрозы.

Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасля гэтага заявіў аб спыненні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных СМІ, не публікуе звестак аб дзеяннях расійскіх і беларускіх вайскоўцаў.

Праваабаронцы прагназуюць, што колькасць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.

аз

Колькасць затрыманых па «справе Гаюна» набліжаецца да сотні

14.10.2025 08:11
Затрыманні па «справе Гаюна» не спыняюцца па ўсёй Беларусі, але большая частка – у Гомельскай вобласці.