Беларуская Служба

Фракцыя «Воля» выйшла з Каардынацыйнай рады. Яе таксама пакінуў Аляксандр Кныровіч

26.10.2025 11:29
Кныровіч прагназуе, што КР чакае «правал, публічная катастрофа».
     .
Каардынацыйную раду пакінулі некаторыя яе члены.Фота: t.me/rada_vision

Фракцыя «Воля» паведаміла пра рашэнне выйсці са складу Каардынацыйнай рады.

У «Волю» ўваходзілі Аляксандр Кабанаў, Генадзь Манько, Аляксандр Клачко. Калісьці з імі быў і Сяргей Пятрухін, але ён пайшоў сваёй дарогай ужо даўно.

«Мы выказваем удзячнасць тым сябрам і структурам Каардынацыйнай рады, якія на першае месца ставілі барацьбу за аднаўленне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, за супрацу, абмен ідэямі і супольныя намаганні, скіраваныя на будучыню Беларусі.

Разам з тым, фракцыя «Воля» бачыць неабходнасць працягваць сваю дзейнасць у самастойным фармаце — для развіцця ўласных ініцыятыў, праектаў і ідэй, якія адпавядаюць нашым каштоўнасцям і бачанням», — гаворыцца ў заяве.

Сёння таксама стала вядома, што Аляксандр Кныровіч выйшаў з Каардынацыйнай рады. Бізнесмен, блогер і вядоўца заявіў, што пакідае раду, а таксама «любыя палітычныя структуры». Ён спаслаўся на прычыны асабістага характару. Аднак сваё рашэнне, якое ён апублікаваў у чаце КР, ён суправадзіў рэзкай крытыкай у адрас кіраўніцтва і дзейнасці КР. На яго думку, за паўтара года працы КР стала «пустазеллем».

Кныровіч прагназуе, што КР чакае «правал, публічная катастрофа» на выбарах у КР чацвёртага склікання, якія павінны прайсці не пазней за май 2026 года, з прычыны маргіналізацыі самой структуры і адсутнасці сэнсу.

Крыніца: Наша Ніва

нг