Беларуская Служба

Каб не забылі. Вечарына ў Музеі Вольнай Беларусі пра забітых і жывых паэтаў

28.10.2025 12:40
Паэтка Дзіяна Балыка: Важна памятаць пра тых, каго забілі за іх голас і праўду, але не менш важна даць слова тым, хто сёння не можа гаварыць самастойна.
Аўдыё
  • Каб не забылі. Вечарына ў Музеі Вольнай Беларусі пра забітых і жывых паэтаў
29
29 кастрычніка ў гісторыі Беларусі вядомы як Ноч расстраляных паэтаўграфіка: nochpaetau.com

29 кастрычніка ў гісторыі Беларусі вядомы як Ноч расстраляных паэтаў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году савецкая ўлада расстраляла больш за сотню беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў. Беларусы ў гэты вечар ладзяць вечарыны памяці, цяпер толькі ў замежжы. У Музеі Вольнай Беларусі пройдзе «Ноч (не)расстраляных паэтаў».

Беларусы ў выгнанні маюць магчымасць стаць голасам той Беларусі, якая зараз знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада, гаворыць паэтка і драматург , якая разам з акторам Ігарам Сіговым будзе весці вечарыну «Ноч (не)расстраляных паэтаў».

Дзіяна кажа, што важна памятаць пра расстраляных у 1937 годзе паэтаў, а таксама важна даць голас тым беларусам, якія могуць гаварыць, у адрозненні ад забітых і закатаваных дзеячаў культуры, палітвязняў і проста жыхароў Беларусі, якія не могуць распавесці пра свае пачуцці, пра свае турботы, пра свой боль.

- Безумоўна, кожны свядомы беларус памятае дату, калі НКУС расстраляў больш за 100 выбітных дзеячаў Беларусі. Там былі і людзі іншых нацыянальнасцей, але яны жылі і працавалі ў Беларусі. У іх розныя гісторыі і шляхі, як яны апынуліся ў Беларусі. Некаторыя з іх пасля рэвалюцыі 1917 года з’ехалі з Беларусі, а потым вярнуліся. Вярнуліся ў 1928-1929 гадах, каб жыць і працаваць у краіне, дзе яны нарадзіліся. Для мяне зараз гэта вельмі балючая тэма. Шмат хто з’ехаў з Беларусі не таму, што марыў, а таму, што быў выгнаны. Мы апынуліся не ў эміграцыі, а ў выгнанні. Многія мараць вярнуцца ў Беларусь як у «згублены рай». Але трэба зразумець, што згубленага раю не было. Гэта мары пра тую Беларусь, якой, як мне здаецца, ніколі не існавала ў нашым жыцці, але якую мы хочам пабудаваць. Важна разумець, што выбітныя дзеячы расстраляныя, а рэжым працягвае катаваць тых, хто застаўся. Але нерасстраляныя паэты дагэтуль існуюць. Паэты – гэта не толькі тыя, хто піша вершы. Гэта тыя, у каго выключны склад душы. І вось для гэтых людзей, якія зараз тут апынуліся, як казаў Караткевіч, носяць сваё неба з сабой, мы хочам зрабіць гэтую вечарыну.

Вядучыя вечарыны будуць размаўляць пра тых, хто зараз не можа гаварыць самастойна. Гэта не толькі палітвязні, але і беларусы, якія быццам бы на волі, але гаварыць яны не могуць, дадае Дзіяна Балыка. Яна будзе чытаць свае вершы, а ў другой палове сустрэчы будзе праходзіць адчынены мікрафон.

«Ноч (не)расстраляных паэтаў». 29 кастрычніка, 20.00, Музей Вольнай Беларусі (Warszawa, ul. Foksal 11).

Поўная размова з Дзіянай Балыкай – у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё