У студзені – жніўні 2025 года Польшча паставіла ў Беларусь 6 тыс. 520 т бульбы на агульную суму ў 9 млн 890 тыс. злотых (2 млн 710 тыс. долараў па бягучым курсе), паведамляе «Позірк» са спасылкай на партал topagrar.pl.
Беларусь стала чацвёртым пакупніком польскай бульбы за згаданы перыяд, а ў першую тройку ўвайшлі Украіна (57 тыс. 110 т), Румынія (11 тыс. 900 т) і Малдова (9 тыс. 920 т).
Адсутнасць бульбы ў крамах, а таксама высокія цэны на гэты караняплод у Беларусі выклікалі шырокі грамадскі рэзананс увесну гэтага года.
8 мая Аляксандр Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы, пазней ён зрабіў з гэтай нагоды некалькі заяў. У прыватнасці, звязаў недахоп прадукту ў Беларусі з палітыкай.
27 мая ўрад зняў забарону на ўвоз з «недружалюбных краін», да якіх належыць і Польшча, бульбы, рэпчатай цыбулі, белакачаннай капусты і яблыкаў. Пры гэтым было заяўлена, што рашэнне з’яўляецца «адказам на чарговыя санкцыі ЕС». З гэтага вынікае, што прыведзеная за восем месяцаў статыстыка ў дачыненні да Беларусі дэ-факта можа ахопліваць перыяд з канца мая па канец жніўня.
Беларусь у жніўні 2025 года заставалася найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў сярод краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз.
вс