Беларуская Служба

Улады шукаюць журналіста Ігара Карнея, якога самі ж выслалі з Беларусі

15.11.2025 10:06
Ад Ігара Карнея патрабуюць пагасіць доўг за знаходжанне ў СІЗА.
Журналіст Ігар КарнейФота: Радыё «Свабода»

Ад экс-палітвязня журналіста Ігара Карнея патрабуюць пагасіць запазычанасць за знаходжанне ў СІЗА на Валадарцы.

Пра гэта журналіст, які быў вызвалены 21 чэрвеня, расказаў Facebook.

«Аказваецца, патрабуюць пагасіць запазычанасць за атрыманыя паслугі на Валадарцы. За 2023 год! Паўтары базавыя, то-бок 63 рублі! Пры гэтым юрысты кажуць, што спагнанне абсалютна незаконнае: пакуль чалавек у статусе падазраванага і следства толькі высвятляе абставіны «злачынства». Схамянуліся, калі ўжо і СІЗА №1 даўно пераехала ў Калядзічы, і базавая вырасла на 5 рублёў. Прыдумаць чарговую абдзіралаўку заднім чыслом — як два пальцы. Памножыць на дзясяткі тысяч палітычных, якія прайшлі праз Пішчалаўскі замак, — хоць якая прыбаўка. Да таго ж, акрамя паўгода ў 2023-м, яшчэ тры з паловай месяцы быў там ад пачатку 2024-га, значыць, у чаканні дадатковай позвы», — напісаў ён. 

Ігар Карней шмат гадоў працаваў журналістам Радыё Свабода, быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года. Яму быў  інкрымініравалі «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».  У сакавіку 2024 года  яго асудзілі на тры гады калоніі.  

Выйшаў на волю 21 чэрвеня 2025 года ў ходзе вывзвалення 14 палітвязняў, што адбылося пасля перамоў уладаў Лукашэнкі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША.

вх