Беларуская Служба

Беларускія сілавікі выдаюць сябе за рэжысёра Палуяна і запрашаюць на кастынг

21.11.2025 08:08
«Гэтыя паведамленні не маюць ніякага дачынення да маёй каманды (...) Будзьце пільнымі і беражыце сябе!», — заклікае Аляксей Палуян.
Аляксей Палуянкрыніца: https://www.youtube.com/watch?v=4QsGZEy-NmY

Ад імя каманды рэжысёра Аляксея Палуяна ў Тэлеграме пачалася рассылка з запрашэннямі прайсці кастынг для здымак у фільме «Спадчына». Прычым для першага этапу адбору няважны акторскі досвед: галоўнае падаць свае асабістыя звесткі (у тым ліку імя і актуальнае месца жыхарства), а таксама адказаць на пытанне, ці ўдзельнічаў чалавек у пратэстах 2020 года, напісала «Наша Ніва».

«Гэтыя паведамленні не маюць ніякага дачынення да маёй каманды, бо кастынг да праекта адбываецца толькі польскім кастынг-дырэктарам і толькі праз інтэрнэт-партал для прафесійных акцёраў Filmmakers.eu. Будзьце пільнымі і беражыце сябе!», — заклікае Аляксей Палуян.

Фэйкавыя паведамленні пачалі прыходзіць беларусам пасля таго, як «Наша Ніва» напісала пра новы праект Аляксея Палуяна, для якога шукаюць акцёраў — як галоўных, так і масавых сцэн. Здымкі стужкі запланаваныя на жнівень 2026 года.

Скрыншоты з гэтымі паведамленнямі даслала ў рэдакцыю «Люстэрка» адна з чытачак. На іх чалавек, які называецца Артурам і членам каманды Аляксея Палуяна, з акаўнта, заведзенага ў жніўні 2025 года, на рускай мове заклікае прыняць удзел у першым этапе кастынгу, і для гэтага ўказаць сваё імя, месца нараджэння, актуальнае месца жыхарства і расказаць пра ўдзел ў акцыях у 2020-м.

яс