Днямі сваякі палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча атрымалі ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў, дзе пазначана, што «Статкевіч М.В. адбывае пакаранне згодна з прысудам ад 14.12.2021». Аднак дзе менавіта знаходзіцца палітвязень – невядома ўжо два з паловай месяцa, нагадвае «Вясна».
Паводле заяваў 11 верасня ад прэс-службы А. Лукашэнкі былі памілаваны 52 зняволеныя, сярод якіх і Мікалай Статкевіч. Усе яны, акрамя Мікалая Статкевіча, як удакладняла прэс-служба дыктатара, «пакінулі Беларусь у той жа дзень». На самой справе іх прымусова перамясцілі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы.
Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі, а па дарозе да мяжы з Літвой выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе паміж краінамі. Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Пазней з'явілася інфармацыя, што, імаверна, палітвязня адправілі ў глыбоцкую калонію, але пацвярджэння гэтаму да гэтага часу няма.
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва адзначае, што зыходзячы з падзей таго дня і рыторыкі беларускіх уладаў, няма сумневаў, што Мікалай Статкевіч быў у ліку памілаваных. Але ён не дазволіў сябе дэпартаваць з краіны і, зыходзячы з адказу МУС, працягвае адбываць пакаранне. Такім чынам, яго памілаванне фактычна скасавана.
Пры гэтым, беларускае заканадаўства аб памілаванні не прадугледжвае магчымасці адмены памілавання, за выключэннем выпадкаў здзяйснення асобай новага злачынства на працягу неадбытага тэрміна пакарання (ч. 3 арт. 96 Крымінальнага кодэксу). Але, згодна з адказам МУС, гэта не выпадак Мікалая Статкевіча, бо ён працягвае быць зняволеным па старому прысуду.
«Таму можна канстатаваць адсутнасць якіх-небудзь прававых падставаў для далейшага пазбаўлення волі спадара Статкевіча, нават выключна на падставе нацыянальнага закону», – прыходзіць да высновы Святлана Галаўнёва.
аз