Рэдакцыя «Экономической газеты» паведаміла, што выданне будзе выходзіць чатыры разы на месяц.
«Нашыя журналісты, рэдактары і аўтары зробяць усё магчымае, каб любімае выданне па-ранейшаму было карыснае нашым чытачам: з ранейшай глыбінёй аналізу, практычнымі рэкамендацыямі і ўвагай да дэталяў, якія заўсёды адрознівалі «Экономическую газету», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
«Экономическая газета» па-ранейшаму будзе карысная і цікавая дырэктарам кампаній, спецыялістам па бухгалтарскаму ўліку, юрыстам, кадравікам і ўсім, хто прымае рашэнні і сочыць за зменамі ў дзелавым асяроддзі», — зазначае рэдакцыя.
Гісторыя «Экономической газеты» налічвае амаль 33 гады. Першы нумар выйшаў 12 снежня 1992 года. Да 2005 года выдавалася як «Нацыянальная эканамічная газета», наклад дасягаў 40 тысяч экзэмпляраў. Аднак у ліпені 2025 года сход акцыянераў ЗАТ «Белбізнэспрэс», які з’яўляецца заснавальнікам і выдаўцом «Экономической газеты», прыняў рашэнне спыніць яе выпуск.
Рэдакцыя тлумачыла прынятае рашэнне зменамі ў інфармацыйнай сферы і, у прыватнасці, шырокай даступнасцю эканамічнай інфармацыі. «Папяровым выданням з іх цыкламі друку і дастаўкі даводзіцца саступаць месца электронным сродкам масавай інфармацыі», — гаварылася ў аб’яве.
Пасля выданне выкупіў медыяхолдынг ТАА «Галаўная кампанія Уладзіміра Граўцова».
Крыніца: БАЖ/юл