Беларуская Служба

Еўрасаюз падрыхтаваў новы пакет санкцый супраць Беларусі

28.11.2025 08:57
Адзначаецца, што мэта новага пакету санкцый — максімальна абмежаваць удзел Беларусі ў расійскай ваеннай машыне і перакрыць усе магчымыя шляхі абыходу еўрапейскіх абмежаванняў.
Budynek Rady UE
Budynek Rady UE Rada UE/Unia Europejska

ЕС падрыхтаваў шэраг новых санкцый супраць Беларусі, каб закрыць шчыліны, праз якія Мінск дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта Радыё Свабода даведалася ад інфармаваных крыніц у Бруселі.
Сярод абмежаванняў, якія ёсць у новым пакеце санкцый ЕС, наступныя:

  • Уводзіцца забарона на дадатковы спіс тэхналогій і тавараў падвойнага прызначэння, а таксама тэхналогій і тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасць і сферу бяспекі. Адзначаецца, што некаторыя з гэтых тавараў Расія выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны — у прыватнасці, кампаненты для беспілотнікаў;
  • Датычна шэрагу тавараў, якія могуць узмацніць вайсковую прамысловасць і сферу бяспекі, таксама ўводзіцца забарона на транзіт праз Беларусь;
  • Уводзіцца забарона на пастаўкі ў Беларусь некаторых тыпаў праграмнага забеспячэння;
  • Абмяжоўваецца імпарт алюмінію з Беларусі;
  • Пашыраецца забарона для еўрапейскіх кампаній на аказанне будаўнічых паслуг у Беларусі;
  • Забараняюцца дарожныя грузаперавозкі праз тэрыторыю ЕС кампаніям, якімі на 25% ці больш валодаюць беларускія фізічныя ці юрыдычныя асобы;
  • Пашыраецца спіс асобаў, якія трапляюць пад санкцыі — сярод іх маюць быць усе, хто атрымлівае выгаду ад беларускага вайскова-прамысловага комплексу;
  • Уводзяцца дадатковыя меры кантролю за фінансавымі аперацыямі беларускіх кампаній у ЕС.

Адзначаецца, што мэта новага пакету санкцый — максімальна абмежаваць удзел Беларусі ў расійскай ваеннай машыне і перакрыць усе магчымыя шляхі абыходу еўрапейскіх абмежаванняў.

эж