Па стане на 1 снежня ў розных краінах свету за кратамі знаходзіліся 503 журналісты. Беларусь апынулася на 4 месцы ў свеце паводле колькасці зняволеных супрацоўнікаў медыяў і блогераў, піша Радыё Свабода.
Найбольш зняволеных журналістаў у Кітаі – 121. За Кітаем ідзе Расія з 48 зняволенымі журналістамі, з якіх 26 – украінцы, піша арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Наступныя ў яе антырэйтынгу М’янма з 47 журналістамі за кратамі і Беларусь, дзе ў вязніцах трымаюць 33 дзейных і былых супрацоўнікаў СМІ.
У аглядзе адзначаецца, што 11 верасня 2025 году дзевяць беларускіх журналістаў і блогераў, у тым ліку Ігар Лосік з Беларускай службы Радыё Свабода, былі вызваленыя пасля таго, як правялі гады за кратамі за выкананне сваёй працы.
«Гэтыя журналісты былі вызвалены, а затым дэпартаваныя ў рамках перамоваў з урадам ЗША, што прывяло да вызвалення 52 палітычных зняволеных. Аднак 33 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай у гэтай краіне, дзе пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступнага разгону мірных пратэстаў амаль усе незалежныя медыя былі прымушаныя маўчаць, а іх журналісты былі затрыманыя або вымушаныя пакінуць краіну», – адзначаецца ў аглядзе «Рэпарцёраў без межаў».
Паводле агляду міжнароднай арганізацыі сёлета было зафіксавана 67 фактаў забойстваў журналістаў, 53 з іх сталі ахвярамі войнаў альбо крымінальных сетак. 29 журналістаў загінула ў сектары Газа, 9 – у Мексіцы, 4 – у Судане, 3 – ва Украіне.
135 журналістаў лічацца зніклымі ў 37 краінах.
20 журналістаў утрымліваюць у закладніках па ўсім свеце. У Емене ў 2025 годзе хусіты выкралі сем журналістаў, што зрабіла краіну эпіцэнтрам выкраданняў, адзначаецца ў аглядзе «Рэпарцёраў без межаў».
Па стане на 9 снежня 2025 году ў вязніцах Беларусі знаходзіцца 28 журналістаў, паведамляе БАЖ.
Радыё Свабода/ав