Беларуская Служба

Сілавікі краін СНД за два дні затрымалі амаль 300 чалавек, якія былі ў вышуку ў Беларусі

28.04.2026 09:02
З 270 чалавек на тэрыторыі Расіі затрымалі 150 чалавек. Усе былі абвешчаныя ў вышук у Беларусі.
.
.Foto: pixabay.com/CC0

На тэрыторыі краін СНД 15 і 16 красавіка прайшло спецыяльнае комплекснае мерапрыемства сілавікоў «Вышук», падчас якога былі затрыманы больш за 270 чалавек, аб'яўленых у вышук у Беларусі. Пра гэта паведаміла МУС.

З 270 чалавек на тэрыторыі Расіі затрымалі 150 чалавек. Усе былі абвешчаныя ў вышук у Беларусі.

Таксама ўстаноўлена месцазнаходжанне звыш 160 зніклых без вестак, з іх больш за 40 у Расіі, знойдзены 740 адказчыкаў і даўжнікоў па грамадзянскіх і эканамічных справах.

— У Краснагорску Маскоўскай вобласці затрымана 59-гадовая жыхарка Мазыра, якая падманам завалодала больш за 60 тысяч беларускіх рублёў у 12 жыхароў Гомельскай вобласці. У Дагестане затрыманы 46-гадовы мінчанін, які падазраецца ў махлярстве на суму не менш за 480 тысяч беларускіх рублёў і «экстрэмісцкай» дзейнасці», — распавялі ў МУС.

У Беларусі падчас гэтага мерапрыемства затрымана больш за 130 чалавек, устаноўлена месцазнаходжанне шасці зніклых без вестак, якія вышукваюцца замежнымі дзяржавамі.

Напрыклад, у Мінску аператыўнікі знайшлі 59-гадовага замежнага грамадзяніна, які знаходзіцца ў вышуку ва Узбекістане за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. У Ружанах затрыманы 32-гадовы іншаземец, які вышукваецца ў Расіі за згвалтаванне і гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.

Падобныя рэйды сілавікоў у краінах СНД праходзяць рэгулярна. У 2024 годзе падчас «Вышуку» былі затрыманыя больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі, з іх больш за 140 — у Расіі.

Люстэрка/ав