Беларуская Служба

Аляксандр Дабравольскі: Толькі разнастайнасць дазволіць Каардынацыйнай радзе нармальна працаваць

28.04.2026 16:03
Ён дадаў, што КР — важная пляцоўка для каардынацыі, і яе трэба развіваць, паляпшаць і выкарыстоўваць.
Аляксандр ДабравольскіЕўрарадыё

11–17 траўня 2026 года адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання.

— Офіс Святланы Ціханоўскай падтрымлівае, як самі выбары ў Каардынацыйную Раду, так і ўсе спісы, якія ў гэтых выбарах удзельнічаюць,  запэўніў у эфіры «Еўрарадыё» дарадчык Святланы Ціханоўскай па палітычных пытаннях Аляксандр Дабравольскі.

Хоць сам Офіс Святланы Ціханоўскай наўпрост у выбарах удзелу не бярэ і свайго, «офіснага», спіса кандыдатаў у дэлегаты не выстаўляе, але ў сёлетняй выбарчай кампаніі ўдзельнічае вялікая колькасць людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне альбо да самога Офіса, альбо да афіляваных з ім структур.
Чаму Офіс не ідзе на выбары сваім спісам?

— Мы вырашылі больш інтэнсіўна працаваць не для таго, каб самім удзельнічаць у выбарах, а каб падтрымліваць увесь гэты працэс, каб людзі маглі мець права выбару,  заявіў Аляксандр Дабравольскі.  Можна паглядзець на спісы, якія ёсць  усяго будзе абрана 80 чалавек. Між тым, у самым вялікім спісе няма і 40. У іншых там па 22, 17, 18 … Гэта значыць, што гэтыя спісы не разлічаны падмяць пад сябе Каардынацыйную раду, а разлічваюць удзельнічаць. У гэтым сэнс. Я раней таксама балатаваўся ў КР  мінулы раз, працуючы ў Офісе  і гэта не выклікала да мяне ніякіх пытанняў: навошта ты гэта робіш? Так што не было такога жадання падмяць і не будзе. Самае галоўнае, калі нехта паспрабуе гэта зрабіць, то гэта не атрымаецца, бо тут патрэбная сеткавая стратэгія, каб складаліся намаганні, каб былі нейкія канфлікты ці абвінавачванні. Толькі тады, калі будзе разнастайнасць у Каардынацыйнай радзе, яна зможа нармальна працаваць,  пераконваў Аляксандр Дабравольскі.

Ён дадаў, што «Каардынацыйная Рада  важная пляцоўка для каардынацыі, і яе трэба развіваць, паляпшаць і выкарыстоўваць».

Нагадаем, створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада  гэта кансультатыўны орган, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных ініцыятываў з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

аз

Святлана Ціханоўская: Каардынацыйная Рада будзе такой, якой мы яе зробім

21.04.2026 13:42
Выбары ў Каардынацыйную Раду адбудуцца 11–17 траўня 2026 года.