Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская вітае вызваленне Анджэя Пачобута

28.04.2026 14:50
Я неверагодна ўдзячная Польшчы – ураду і народу – за барацьбу за Анджэя, сказала дэмакратычная лідарка Беларусі.
Святлана Ціханоўская вітае вызваленне Анджэя Пачобута t.me/tsikhanouskaya

- Гэта вялікі дзень для ўсіх нас. Анджэй Пачобут на волі!, – напісала дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская, каментуючы вызваленне журналіста і актывіста Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута.

Нагадваем, сёння Анджэй Пачобут, які цягам апошніх пяці гадоў знаходзіўся ў турме ў Беларусі, выйшаў на волю. На польска-беларускай мяжы яго сустрэў прэм'ер-міністр Дональд Туск.

- Пасля гадоў несправядлівага зняволення і ізаляцыі ён нарэшце можа ўздыхнуць свабодай. Гэта было б немагчыма без паслядоўнай і прынцыповай пазіцыі Польшчы, якая нястомна змагалася за Анджэя, і ўсіх нашых хаўруснікаў – Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Саюза, – якія працягваюць змагацца за нашых палітычных зняволеных. Мы памятаем усіх. Прыкладна 900 чалавек застаюцца за кратамі. Анджэй – польска-беларускі герой, таленавіты і непахісны журналіст, які ніколі не здраджваў сваім прынцыпам. Рэжыму не ўдалося зламаць яго ці прымусіць яго замаўчаць. На працягу ўсіх гэтых гадоў мы змагаліся за Анджэя. З моманту вызвалення майго мужа я нашу яго фотаздымак у партфелі, які бяру з сабой на кожную сустрэчу і форум. Я неверагодна ўдзячная Польшчы – ураду і народу – за барацьбу за Анджэя. Дзякуй Злучаным Штатам і Еўрапейскаму Саюзу. Без вашага ціску і салідарнасці Анджэй не быў бы сёння на волі, – напісала Святлана Ціханоўская ў звароце, які распаўсюдзіла прэс-служба ейная офіса.

Нагадваем, перамовы аб вызваленні Анджэя Пачобута працягваліся з верасня мінулага года.

Сёння на польска-беларускай мяжы адбыўся абмен зняволенымі паміж Польшчай і Беларуссю ў фармаце «пяць на пяць».

Верагодна, сярод вызваленых у Беларусі грамадзянаў Польшчы – манах Гжэгаж Гавэл, а таксама польскі прадпрымальнік, імя якога не раскрываецца, паведаміла RadioZET.

аз

Вызвалены Анджэй Пачобут: Я змагу вярнуцца?

28.04.2026 13:42
Польшча і Беларусь абмяняліся вязнямі ў фармаце «пяць на пяць».

Пасол ЗША ў Польшчы пра вызваленне Пачобута: Амерыка выконвае свае абавязацельствы перад сябрамі і саюзнікамі

28.04.2026 14:01
Пасол таксама падкрэсліў важную ролю польскіх партнёраў у перамовах.