Беларуская Служба

Марыя Калеснікава: «Чалавечае жыццё бясцэннае»

14.05.2026 09:50
Былая палітзняволеная запісала зварот да ЗША і ЕС наконт палітвязняў.
Беларуская палітычная актывістка Марыя КалеснікаваRONALD WITTEK/EPA/PAP

Марыя Калеснікава звярнулася да ЗША і Еўрасаюзу з заклікам працягваць гуманітарныя перамовы дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў. Яе відэазварот зʼявіўся ў тэлеграм-канале «Ружовыя хусткі».

Былая палітзняволеная нагадала, што выйшла на волю ў снежні 2025 года ў выніку перамоваў.

— Цяпер май 2026 года. Я зноў магу дыхаць свежым паветрам, падарожнічаць, сустракацца з роднымі і блізкімі, выступаць і проста жыць. Пасля больш чым пяці гадоў за кратамі гэта здаецца цудам, — сказала Калеснікава, падкрэсліўшы, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца больш за сто жанчын-палітвязняў.

Калеснікава звярнулася да ЗША з просьбай працягваць гуманітарны дыялог і садзейнічаць вызваленню ўсіх жанчын-палітвязняў.

— Я таксама звяртаюся да Еўрапейскага Саюзу з просьбай падтрымаць і ўмацаваць працэс, які пачаўся, каб кожная і кожны з палітвязняў як мага хутчэй вярнуліся дадому. Чалавечае жыццё бясцэннае. І ў вашых сілах — ратаваць чалавечыя жыцці, — заявіла Марыя Калеснікава.

Крыніца: «Люстэрка»/юл