У Нацыянальнай бібліятэцы Марцінаса Мажвідаса ў Вільні 12 траўня афіцыйна адкрыўся інфармацыйны пункт Рады Еўропы для грамадзян Беларусі. У пункце беларусам будуць даваць інфармацыю аб дзейнасці і каштоўнасцях Рады Еўропы, а таксама аб праграмах падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Літве, паведамляе «Вясна» са спасылкай на LRT.
Афіцыйна інфармацыйны пункт для беларусаў пачне сваю працу летам. Літва дамовілася аб супрацоўніцтве з Радай Еўропы па стварэнні гэтага пункта ў Вільні ў лістападзе 2024 года.
У адкрыцці ўдзельнічалі генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсе, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і беларускай грамадскасці.
— Можа здавацца, што гэта невялікі кабінет дзесьці ў бібліятэцы, але ён пасылае моцны сігнал, і гэты сігнал заключаецца ў тым, што мы яшчэ не скончылі. Мы яшчэ не завяршылі нашу мару і наш еўрапейскі праект, (...) каб Еўропа была свабоднай і бяспечнай, — сказаў на цырымоніі адкрыцця міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.
Плануецца, што пляцоўка будзе працаваць мінімум пяць гадоў.
аз