Беларуская Служба

З беларускіх спартоўцаў знялі санкцыі ў яшчэ адным відзе — фехтаванні

03.06.2026 08:20
Практычна штотыдзень здымаюцца ўсё новыя абмежаванні з беларускіх спартоўцаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. hanslee/pixabay.com/CC0 Public Domain

Працягваецца «размарожванне» санкцый супраць беларускіх атлетаў на міжнародным узроўні. Штотыдзень здымаюцца ўсё новыя абмежаванні. На гэты раз абмежаванні з Беларусі зняла Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE), пра што арганізацыя заявіла ў адмысловым паведамленні на сваёй афіцыйнай старонцы, паведамляе «Свабода».

Цяпер беларусам дазволілі спаборнічаць пад сваім сцягам і з гімнам. Разам з беларусамі абмежаванні знялі з расійскіх фехтавальнікаў.

Найбліжэйшы буйны турнір — чэмпіянат свету адбудзецца ўжо 22-30 ліпеня ў Ганконгу. Такім чынам, беларускія фехтавальнікі маюць амаль два месяцы, каб падрыхтавацца да яго.

Нагадаем, санкцыі ў спартовай галіне, у тым ліку ў фехтаванні, уводзілі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў расійскай поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 года. Вайна працягваецца па сёння, але абмежаванні супраць спартоўцаў дзвюх краін пачалі здымаць.

7 траўня 2026 года Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамендаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў дачыненні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў.

Пакуль толькі Сусветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.

У большасці відаў абмежаванні здымаюць як з беларусаў, так і з расіян. Адным з выняткаў стала рашэнне Еўрапейскага гімнастычнага звязу, які пакінуў удзел расейцаў на ўмовах строгай нейтральнасці і без сімвалаў, а з беларусаў абмежаванні зняў.

Беларусаў ужо дапусцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаванні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі знялі пакуль толькі з юнацкай і дзявочай зборных краіны.

аз

Яшчэ дзве міжнародныя федэрацыі знялі абмежаванні з выступленняў беларускіх спартсменаў — Мінспорту

28.05.2026 17:30
7 траўня выканкам МАК заявіў, што «больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў».