Калі Алесь быў у зняволенні, вучні школы пісалі яму паштоўкі. Дырэкцыя вырашыла арганізаваць сустрэчу, калі даведалася аб вызваленні Алеся, распавядае сузаснавальніца школы Агнешка Матвіс.
— Калі мы даведаліся, што Алесь Бяляцкі быў вызвалены з беларускай вязніцы, я нясмела запытала, ці можна арганізаваць сустрэчу з Алесем Бяляцкім. І адказ быў станоўчы. Я вельмі ўзрадавалася, і таму гэтая сустрэча адбылася.
Падчас сустрэчы Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны медалём «Людзям, якія робяць дабро», імя Ірэны Сэндлер.
— Гэты медаль быў заснаваны 16 гадоў таму дырэктарамі школ, якія носяць імя Ірэны Сэндлер. Першая капітула гэтай узнагароды вырашыла адзначаць людзей, якія робяць дабро, нягледзячы ні на што. Ірэна Сэндлер вядомая тым, што ратавала габрэйскіх дзяцей з гета, а да вайны дапамагала бедным. Гэтым медалём быў узнагароджаны спадар Ежы Оўсяк, спадарыня Яніка Ахойска і сястра Малгажата Хмялеўска – людзі, якія, нягледзячы на крытыку, нягледзячы на частыя пераследы і цкаванне, працягваюць сваю працу, каб зрабіць гэты свет лепшым.
Старшыня Праваабарогчага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі зазначыў, што гэта вельмі каштоўная ўзнагарода для яго, бо правы чалавека даюць добрыя арыенціры ў жыцці.
— Усе апошнія 30 гадоў у Беларусі немагчыма ўявіць, каб праваабаронцаў запрашалі, у навучальныя ўстановы, школы. Гэта была вельмі цёплая, прыемная сустрэча, дзеці сапраўды пісалі мне лісты ў турму ў Беларусі. На жаль, гэтыя лісты да мяне не дайшлі. Зараз яны перадалі свае малюнкі, і гэты медаль вельмі каштоўны для мяне. Гэта добры прыклад таго, як з малых гадоў, з самога пачатку жыцця вучыць дзяцей правам чалавека, якія даюць ім добрыя арыенціры ў жыцці, якія, абавязкова, спрацуюць. Правы чалавека — гэта такая рэч, якой трэба займацца кожнаму пакаленню, са школы. Я мару, што калісьці так будзе і ў нас, у Беларусі.
юл