Амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку яшчэ ў дзень тайнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня. Аднак ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў. І 27 кастрычніка падаў новую заяву, з патрабаваннем вызваліць яго з пасады пасла «ў сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якія перашкаджаюць выкананню працы паводле працоўнай дамовы», -– сказаў Уладзімер Астапенка парталу Tut.by.
Дыпламат лічыць, што цэлы шэраг дзеянняў наймальніка, то бок уладаў Беларусі, стварае аб’ектыўныя ўмовы для непрызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
Першы амбасадар незалежнай Беларусі у Нямеччыне Пятро Садоўскі, сказаў нам »Я вельмі рады за Астапенку«.
- Ён аказаўся, што называецца, беларусам, мужчынам. Ён беларускамоўны, выдатна ведае англійскую мову, вельмі сімпатычны чалавек. Ён ужо пенсійнага ўзросту, але калі ён захоча працаваць, ён знойдзе працу. Яго могуць афіцыйна пазбавіць дыпламатычнага рангу, як Латушку пазбавілі – гэта такі ўжо апошні крок уладаў.
Уладзімір Астапенка з'яўляецца чацвёртым амбасадарам Беларусі, які пакінуў працу для беларускага МЗС з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Раней дыпламатычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Іспаніі, Латвіі і Славакіі.
яс