Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

МЗС Літвы прапануе ўвесці новыя абмежаванні для расіян і беларусаў

27.07.2026 09:30
Планаваныя абмежаванні накіраваныя на стварэнне празрыстага і аднастайнага прававога рэгулявання, — заяўляюць у МЗС Літвы.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства замежных спраў Літвы хоча дапоўніць закон аб нацыянальных санкцыях новымі абмежаваннямі для грамадзян Расіі і Беларусі. У тым ліку прапануецца забараніць набыццё нерухомасці паблізу стратэгічных аб'ектаў, а таксама забараніць уезд у краіну дзеячам культуры, адукацыі і спорту, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны, паведамляе партал lrt.lt.

— Апошнія дыскусіі, у тым ліку на ўзроўні мясцовых органаў улады, паказалі неабходнасць больш выразнага рэгулявання ўдзелу прадстаўнікоў Расіі, якая ажыццяўляе агрэсію супраць Украіны, і Беларусі, якая яе падтрымлівае, у грамадскай дзейнасці ў Літве ў сферах адукацыі, навукі і даследаванняў, культуры, спорту, мастацтва і забаў,  заявілі ў міністэрстве ў каментары агенцтву BNS.

Паводле МЗС, Літва, як дэмакратычная дзяржава, абавязана абараняць грамадскую прастору ад рэжымаў, якія сістэматычна парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць агрэсію супраць суседніх дзяржаў і выкарыстоўваюць культурную або забаўляльную дзейнасць у якасці інструментаў мяккай сілы.

 Планаваныя абмежаванні будуць накіраваны на стварэнне выразнага, празрыстага і аднастайнага прававога рэгулявання, каб рашэнні ў такіх выпадках прымаліся на аснове абʼектыўных крытэрыяў, а не суб'ектыўных ацэнак. Гэта частка больш шырокіх намаганняў дзяржавы па ўмацаванні ўстойлівасці да ўплыву варожых рэжымаў і абароне нацыянальных інтарэсаў Літвы,  заявілі ў МЗС.

Згодна з папраўкамі да Закона аб устанаўленні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, таксама прапануецца забараніць уезд тым, хто здзяйсняе дзеянні або палітыку, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны, якія падрываюць стабільнасць або бяспеку Украіны, а таксама тым, хто прама ці ўскосна падтрымлівае грубыя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Расіі, Беларусі або чыя дзейнасць уяўляе пагрозу дэмакратыі або вяршэнству закона.

Міністэрства замежных спраў прапануе тым, хто жадае прыехаць у Літву для правядзення адукацыйных, культурных і спартыўных мерапрыемстваў, падпісаць дэкларацыю, якая асуджае агрэсію Расіі супраць Украіны, выказвае падтрымку Статуту Арганізацыі Абʼяднаных Нацый і яго прынцыпам, а таксама незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў.

Гэтая дэкларацыя будзе апублікавана. Адмова ад яе падпісання перашкодзіць уезду ў краіну.

Выкананне ўказаных абмежаванняў павінны забяспечыць арганізатары публічных мерапрыемстваў у сферах адукацыі, навукі і даследаванняў, культуры, спорту, мастацтва ў Літве.

Гэтым жа праектам Міністэрства замежных спраў імкнецца абмежаваць магчымасці для расіян і беларусаў набываць нерухомасць у Літве паблізу стратэгічна важных абʼектаў. Згодна з праектам, прапануецца прыпыніць права грамадзян Расіі і Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве, набываць нерухомасць, якая знаходзіцца на тэрыторыях, размешчаных паблізу абʼектаў, важных для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, або ваенных палігонаў.

Грамадзяне Беларусі, якія не маюць віду на жыхарства ў Літве, і юрыдычныя асобы, якія ім належаць, не змогуць набываць нерухомасць на такіх тэрыторыях. Магчымасці расіян набываць нерухомасць у Літве былі абмежаваныя раней.

Міністэрства замежных спраў прапануе, каб такія папраўкі ўступілі ў сілу з 1 студзеня наступнага года.

аз