Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі пачалі прыцягваць да ўборкі ўраджаю грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку

30.07.2026 11:02
Лукашэнкаўская міліцыя пахвалілася, што гэтая мера мае не толькі дысцыплінарны, але і глыбокі сацыяльны характар.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Goran Horvat z Pixabay/CC0

У перыяд уборачнай кампаніі Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра «максімальнае прыцягненне да працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях працаздольных грамадзян без працы, якія знаходзяцца на ўліку ў органах унутраных спраў».

Прэс-служба ведамства заявіла, што гэтая мера «носіць не толькі дысцыплінарны, але і глыбокі сацыяльны характар».

Падкрэсліваецца, што занятасць дапамагае «умацаваць дысцыпліну, выключае безнагляднасць і стварае ўмовы для выканання вызначаных заканадаўчых патрабаванняў».

На сённяшні дзень у органах унутраных спраў на прафілактычным уліку стаяць грамадзяне, якія здзейснілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, маюць судзімасць і адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

У гэтую ж катэгорыю ўваходзяць грамадзяне, вызваленыя з лячэбна-працоўных прафілакторыяў пасля прымусовага лячэння. Акрамя таго, на ўліку знаходзяцца асобы, абвешчаныя ў вышук, і замежныя грамадзяне з абмежаваннямі на знаходжанне ў краіне.

Колькасць тых, хто стаіць на ўліку ў Беларусі, вылічаецца дзясяткамі тысяч чалавек. Паводле даных МУС за 2024 год, толькі на прафілактычным уліку хатніх гвалтаўнікоў знаходзілася 21 тысяча чалавек.

Крыніца: «Позірк»/юл