Міністэрства эканомікі Беларусі прэзентавала праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2027 год, паведамляе «Свабода».
Як заявіў у тэлеграм-канале ўраду Беларусі міністр эканомікі Юры Чабатар, налета прырост рэальнай заработнай платы і даходаў прагназуецца на ўзроўні каля 3%.
— Сусветны валавы ўнутраны прадукт запавольваецца, і пра гэта сёння гавораць усе агенцтвы, нашы асноўныя гандлёвыя партнёры зніжаюць свае планкі росту. Мы на гэта таксама рэагуем. Мы арыентуемся на гэта, — заявіў Чабатар.
Паводле яго, задача ўраду — паскорыць інвестыцыйныя праграмы, каб абнавіць асартымент і прадаваць прадукцыю на экспарт.
Прырост экспарту плануецца на ўзроўні 2,9%, але ў асноўным ён адбудзецца за кошт экспарту паслуг, паведаміў міністр. Запланавана, што аб’ём паслуг вырасце на 4% дзякуючы турызму і ІТ.
Рост інфляцыі ў 2027 годзе прагназуецца на ўзроўні каля 6%.
У 2027 годзе таксама плануюць павялічыць будаўніцтва жылля — каля 4 млн. квадратных метраў, з іх амаль мільён — арэнднага. За першыя паўгода 2026 года ўвялі ў эксплуатацыю 1,6 млн квадратных метраў жылля, з іх арэнднага — 195 тысяч квадратных метраў.
Планы ўраду Беларусі на 2027 год значна сціплейшыя ў параўнанні з тым, што планавалі на 2026 год.
За першае паўгоддзе 2026 года, паводле «Белстату», рэальныя даходы насельніцтва падняліся на 7,9%, рэальныя заробкі — на 7,5%.
Інфляцыя за паўгода склала 2,95%, экспарт за 5 месяцаў павялічыўся на 11,7%.
27 ліпеня «Белстат» апублікаваў справаздачу аб выніках беларускай эканомікі за паўгода і паведаміў пра тэндэнцыю, якая хутка стане бачнай на прылаўках крамаў: гуртовыя цэны тавараў павысіліся на 13,2%. Гэта значыць, у крамах неўзабаве з’явіцца значна даражэйшы тавар.
Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за долар. У ЕАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыцца праз імпартны ціск цэн з Расіі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.
Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволення інфляцыі ў Расіі і працягу адміністрацыйнага рэгулявання цэн. Тымчасам у Расіі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.
Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказнік, запланаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніцаў, склала 6,8%.
аз