Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Швейцарскай Канфедэрацыі з нацыянальным святам — Днём заснавання Канфедэрацыі. Пра гэта паведаміла яго прэс-служба. Швейцарыя ўваходзіць у спіс краін, якія афіцыйны Мінск лічыць «недружалюбнымі».
У віншаванні адзначаецца, што беларусаў і швейцарцаў аб’ядноўваюць талерантнасць і імкненне вырашаць усе пытанні мірным шляхам. Паводле Лукашэнкі, гэта стварае ўмовы для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на аснове ўзаемнага даверу і павагі. Ён таксама заявіў, што «палітыка штучнага абмежавання кантактаў паміж людзьмі і дзяржавамі не мае перспектывы».
Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі краіны могуць зрабіць унёсак ва ўмацаванне міру і пабудову «больш справядлівага сусветнага парадку», а таксама пажадаў шматнацыянальнаму народу Швейцарыі згоды, дабрабыту і шчаслівага жыцця.
Як адзначае выданне «Зеркало», апошнія некалькі гадоў Лукашэнка адрасуе віншаванні не кіраўнікам, а менавіта «народу» тых дзяржаў, якія беларускія ўлады лічаць «недружалюбнымі». Да такіх краін адносіцца і Швейцарыя, якая падтрымала санкцыі супраць Беларусі і Расіі. У 2024 годзе швейцарскія ўлады стварылі спецыяльную групу для выяўлення выпадкаў абыходу санкцый.
нг