Прыватная кампанія «Тэра Ностра», якая планавала займацца вытворчасцю збожжа і высакаякаснага насення, распачала працэдуру банкруцтва. Некалькі гадоў таму яна атрымала значную дзяржаўную падтрымку, а дзяржаўныя СМІ называлі яе адным з найлепшых сельскагаспадарчых праектаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.
Згодна з дакументамі Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве, з заявай аб прызнанні кампаніі эканамічна неплацежаздольнай у суд звярнуліся самі яе ўладальнікі.
Запазычанасць сельскагаспадарчага прадпрыемства дасягнула 29 мільёнаў беларускіх рублёў. Пры гэтым кошт яго актываў ацэньваецца менш чым у 15 мільёнаў рублёў. З гэтай сумы 2,8 мільёна складае дэбіторская запазычанасць — грошы, якія кампаніі павінны іншыя арганізацыі.
24 ліпеня Эканамічны суд Віцебскай вобласці адкрыў у дачыненні да «Тэра Ностра» конкурсную вытворчасць — працэдуру эканамічнай неплацежаздольнасці. Яе мэта — задаволіць патрабаванні крэдытораў, абараніць інтарэсы як самога даўжніка, так і крэдытораў, а таксама правесці фінансавае аздараўленне, калі гэта магчыма.
Разам з «Тэра Ностра» банкрутуе і звязаная з ёй фермерская гаспадарка «Тэра Грацыя». Яе даўгі ацэньваюцца ў 13,4 мільёна рублёў, а актывы — у 13,2 мільёна.
Што вядома пра кампанію
«Тэра Ностра» спецыялізавалася на вырошчванні зернебабовых культур і вытворчасці насення. Кампанія была заснаваная ў 2019 годзе, а звязаная з ёй гаспадарка — у 2020-м.
У гэты час пачалося будаўніцтва насенняводчага завода. У 2023 годзе ў межах дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» там увялі ў эксплуатацыю зернесушыльны комплекс з лініяй падрыхтоўкі збожжа і насення. Яго ўрачыста адкрываў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
У 2021–2025 гадах у праект уклалі 17,5 мільёна рублёў. Якая частка гэтых сродкаў была дзяржаўнай, а якая — прыватнай, не паведамлялася.
У 2023 годзе дзяржаўныя СМІ пісалі, што па ўзроўні тэхнічнага аснашчэння завод уваходзіць у дзясятку найлепшых не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.
Тады дырэктар кампаніі Андрэй Зубкевіч заяўляў, што поспех прадпрыемства стаў вынікам сумленнага партнёрства паміж бізнесам і дзяржавай. Ён дзякаваў за сур'ёзную дзяржаўную падтрымку і адзначаў, што кампанія выконвае дзяржаўныя заказы і аказвае сельскагаспадарчыя паслугі насельніцтву па льготных тарыфах.
Аднак ужо ў канцы 2023 года прадпрыемства трапіла ў спісы даўжнікоў органаў прымусовага выканання. Частка яго маёмасці была арыштаваная.
У 2025 годзе кампанія шукала інвестара для продажу таго самага зернесушыльнага комплексу, адкрытага двума гадамі раней. Яго кошт ацэньваўся ў 19,8 мільёна рублёў, або прыкладна ў 5,8 мільёна долараў. У інвестыцыйнай прапанове адзначалася, што частка актываў знаходзіцца ў закладзе ў банках, а частка перададзена ў лізінг.
У тым жа годзе комплекс быў выстаўлены на аўкцыён.
Крыніца: Зеркало
нг