Спарынг-партнёркай Аляксандра Лукашэнкі на некалькіх выбарах Ганна Канапацкая ў гэтыя дні знаходзіцца ў Варшаве. Яна заклікала «беларусаў, якія жывуць тут», ладзіць інцыдэнты на «Новай Беларусі», абяцаючы аддзяку ад «камісіі па вяртанні», піша «Наша Ніва».
Гаворка пра «камісію па вяртанні», якой раней кіраваў Андрэй Швед, а цяпер узначальвае генпракурор Дзмітрый Гара.
— Заклікаю ўсіх добрых людзей-беларусаў, якія тут мяшкаюць (яна мае на ўвазе «жывуць». — НН), прыйсці на гэты івэнт і напіхаць у панамку статку збеглых з Літвы ў Польшчу самазванцаў, што паразітуюць на вашых бедах. Рабіце фота і відэа доказы вашага ўдзелу ў акцыі, і можна да нас, на Камісію па вяртанню. Ну а я паехала далей. Усім беларусам дабра і міра! — напісала яна ў сябе ў фэйсбуку.
Ганна Канапацкая выступала спарынг-партнёркай Аляксандра Лукашэнкі на некалькіх выбарах. У 2020 годзе, мяркуючы па пратаколах з участкаў, дзе адбываўся празрысты падлік, набірала каля 0,3% галасоў. Спачатку яна гуляла ролю «апазіцыянеркі, якая цудам перамагла на выбарах у Палату прадстаўнікоў», пасля змяніла амплуа.
Крыніца: «Наша Ніва»/юл