Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У ЗША назвалі дату абвяшчэння выраку беларусу за кантрабанду падсанкцыйных тавараў у Расію

01.10.2026 14:30
Суд разглядаў справу беларуса чатыры дні і прызнаў яго вінаватым.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

У пракуратуры ЗША, акруга Масачусэтс, паведамілі, што 12 студзеня 2027 года абвесцяць прысуд грамадзяніну Беларусі Кірылу Гардзею, якога Федэральны суд Бостана ў штаце Масачусэтс прызнаў вінаватым у незаконным экспарце спектрометра Orbitrap Exploris GC 240 (прылада, якая забяспечвае высокую якасць і ўніверсальнасць дадзеных для паскарэння навуковых адкрыццяў у акадэмічных і прамысловых даследаваннях) з ЗША ў Расію без адпаведнай ліцэнзіі, паведамляе «Свабода».

— Грамадзянін Гардзей прыкладаў значныя намаганні, каб абысці захады экспартнага кантролю ЗША: ён фальсіфікаваў звесткі пра канчатковы пункт прызначэння тэхналогіяў, якія падлягаюць кантролю, і накіроўваў іх праз Турцыю перад адпраўкай у Расію. Захады экспартнага кантролю — найважнейшы інструмент гарантавання нацыянальнай і міжнароднай бяспекі. Мы і надалей будзем прыцягваць да адказнасці тых, хто наўмысна абыходзіць гэтыя правілы, — заявіла федэральная пракурорка ЗША Лі Фоўлі.

Суд разглядаў справу беларуса чатыры дні і 22 верасня прызнаў яго вінаватым у кантрабандзе паводле трох пунктаў абвінавачання: уступленні ў змову з мэтай учынення правапарушэнняў супраць ЗША; кантрабанда тавараў з ЗША; экспарт спектрометра, які ёсць таварам, падлеглым экспартнаму кантролю.

За парушэнне правілаў экспартнага кантролю яму пагражае пакаранне пазбаўленнем волі да 20 гадоў і яшчэ пяццю гадамі пад наглядам пасля вызвалення, а таксама штраф да 1 мільёна долараў. За кантрабанду — пазбаўленне волі да 10 гадоў, тры гады пад наглядам пасля вызвалення і штраф да 250 тысяч долараў. За змову з мэтай учынення злачынстваў супраць ЗША — пазбаўленне волі на пяць гадоў, тры гады пад наглядам пасля вызвалення і штраф да 250 тысяч долараў.

37-гадовы Кірыла Гардзей кіраваў транспартна-экспедытарскай кампаніяй «Apelsin Logistics»(Apelsin), размешчанай у Галандэйл-Біч, штат Флорыда. Кампанія таксама мела адрас у Расіі і два вэб-сайты, зарэгістраваныя і размешчаныя ў Расіі.

аз

Суд у Бостане прызнаў грамадзяніна Беларусі і ЗША вінаватым у незаконнай пастаўцы адмысловага абсталявання ў РФ

24.09.2026 16:35
Вынясенне прысуду па гэтай справе прызначана на 12 студзеня 2027 года.