Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Літоўскія памежнікі расказалі, як затрымалі 35 нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі з Беларусі

03.10.2026 09:07
У чацвер увечары вялікая група з спрабавала трапіць у Літву з Беларусі каля Варэнскага раёна.
Затрыманыя мігрантыфота: vsat.lrv.lt

Памежнікі злавілі ўсіх мігрантаў, перш чым яны паспелі прайсці глыбей на тэрыторыю Літвы. Для аперацыі па затрыманні былі выкарыстаны вялікія сілы памежнікаў, верталёт і службовыя сабакі.

35 чалавек парушылі мяжу з боку Беларусі ў межах вёскі Катра. Гэта месца знаходзіцца на тэрыторыі Чэпкельскага запаведніка. У гэтым месцы з-за няўстойлівага грунту і прыродных перашкод усталяваць ахоўны плот не ўдалося, але там працуе сістэма відэаназірання.

У чацвер увечары памежнікі пры дапамозе згаданай сістэмы выявілі парушэнне мяжы. Неадкладна была арганізавана маштабная аперацыя па затрыманні парушальнікаў. Для абследавання лясной мясцовасці з паветра быў выкарыстаны верталёт.

Мігранты, якія перасеклі мяжу, падзяліліся на некалькі груп, але не паспелі прайсці далей углыб Літвы. Усе 35 замежнікаў былі хутка затрыманыя памежнікамі ў лесе.

Літоўскія службы паведамляюць, што асабліва карыснай была дапамога верталёта VSAT з сучасным абсталяваннем, экіпаж якога каардынаваў дзеянні памежнікаў, якія працавалі на месцы, і паказваў, дзе знаходзяцца некалькі груп замежнікаў.

35 мігрантаў не супраціўляліся падчас затрыманняў. Усе з іх мужчыны, прыкладна 20-30 гадоў. 11 замежнікаў мелі дакументы, астатнія былі без іх. Мігранты прадставіліся грамадзянамі Афганістана і Ірака.

Пасля ацэнкі ўсіх абставін, 29 асобам было адмоўлена ва ўездзе ў Літву, іх вярнулі ў Беларусь. Допыты яшчэ пяці мігрантаў працягваліся ў пятніцу раніцай. Адзін замежнік скардзіўся на здароўе, таму памежнікі выклікалі для яго хуткую дапамогу. Лекары даставілі мігранта ў медыцынскую ўстанову для абследавання.

Сёлета літоўскія памежнікі перашкодзілі 1661 мігранту ўехаць з Беларусі.

Служба аховы Дзяржаўнай мяжы Літвы/ав