66-гадовы пробашч парафіі ў Альковічах (Вілейскі раён Мінскай вобласці) ксёндз Анатоль Парахневіч прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення свабоды, паведамляе «Позірк» са спасылкай на katolik.life на падставе атрыманай ад вернікаў інфармацыі.
Згодна з данымі парталу, прысуд быў вынесены ў кастрычніку, дакладная дата невядомая. Працэс праходзіў не ў Мінску, як паведамлялася раней, а ў судзе Вілейскага раёна. Пасяджэнні адбываліся ў закрытым рэжыме, «таму ў судовую залу нікога не прапускалі і сутнасць справы застаецца невядомай».
Паводле звестак вернікаў, нават кіраўніцтва курыі не ведае, у чым менавіта абвінавацілі святара.
Паведамляецца, што паводле першапачатковага абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве» ксяндза не змаглі асудзіць, справа была перакваліфікавана на абвінавачванні у больш лёгкіх злачынствах — «абразу ўлады і экстрэмізм» (артыкулы не ўдакладняюцца). Акрамя пазбаўлення свабоды суд таксама пастанавіў спагнаць са святара буйны штраф.
Як адзначае СМІ, Парахневіч не прызнаў віну і палічыў прыгавор несправядлівым. Выснова робіцца з таго, што ён, наколькі вядома вернікам, абскардзіў рашэнне суда. Таксама маюцца звесткі пра тое, што парафіяне заступаліся за пробашча — напісалі калектыўны зварот з просьбай вызваліць ксяндза.
Пра затрыманне Парахневіча паведамлялася 16 сакавіка. Паводле звестак праваабаронцаў, у сярэдзіне сакавіка было затрымана яшчэ шэсць хрысціянскіх вернікаў, з іх двое — прэсвітары евангельскіх цэркваў. Тады паведамлялася, што «двух затрыманых вызвалілі пасля допытаў, чацвёра дагэтуль застаюцца за кратамі».
1 чэрвеня Парахневіч быў прызнаны палітвязнем.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты паводле палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
вс