Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Прэзідэнт Літвы адрэагаваў на рашэнне суда ў Страсбургу: Беларусь выкарыстоўвала міграцыю як гібрыдную зброю

25.11.2026 11:31
Еўрапейскі суд у правах чалавека заявіў, што Беларусь займаецца «інструменталізацыяй міграцыі»: заахвочвае рух мігрантаў і спрыяе яму з мэтай дэстабілізацыі суседніх дзяржаваў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gpk.gov.by

Рашэнне Еўрапейскага суда ў правах чалавека (ЭСПЧ), вынесенае 24 лістапада, пацвердзіла, што Беларусь выкарыстоўвала міграцыю ў якасці гібрыднага інструменту супраць Літвы і іншых краін, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

— Важнае рашэнне Вялікай палаты ЭСПЧ ёсць важным прызнаннем новай рэальнасці, з якой мы сутыкнуліся, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.

Як падкрэсліў кіраўнік літоўскай дзяржавы, рашэнне Страсбурскага суда паказвае, што Беларусь свядома выкарыстоўвала міграцыю ў якасці інструменту супраць Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта варожы акт, накіраваны на «дэстабілізацыю нашых краін, паслабленне памежнага кантролю і абмежаванне нашага суверэннага права на рэалізацыю міграцыйнай палітыкі», піша BNS.

— Гэта не палітычная заява, а прызнаная судом і дакументальна пацверджаная рэальнасць. Еўропа павінна быць здольнай абараніць сябе ад такіх гібрыдных атак, адначасова забяспечваючы асноўныя правы чалавека, — адзначыў Наўседа.

Так ён адрэагаваў на тлумачэнне ЭСПЧ аб тым, што выправаджэнне замежнікаў у дзяржаву, якая ажыццяўляе інструменталізаваную міграцыю, само па сабе не азначае парушэння забароны на катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, замацаванай у Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.

На думку Страсбурскага суда, перад выправаджэннем чалавека ў такіх абставінах нацыянальныя ўлады абавязаны выяўляць асобаў, для якіх рызыка жорсткага абыходжання або катаванняў асабліва высокая.

Суд падзяліў такіх асобаў на дзве катэгорыі: відавочна ўразлівых, напрыклад, з прычыны ўзросту, дрэннага стану здароўя або інваліднасці, і тых, хто мае канкрэтныя падставы сцвярджаць, што высылка створыць рэальную пагрозу жыццю або рызыку жорсткага абыходжання.

Свабода/ав