Рашэнне Еўрапейскага суда ў правах чалавека (ЭСПЧ), вынесенае 24 лістапада, пацвердзіла, што Беларусь выкарыстоўвала міграцыю ў якасці гібрыднага інструменту супраць Літвы і іншых краін, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
— Важнае рашэнне Вялікай палаты ЭСПЧ ёсць важным прызнаннем новай рэальнасці, з якой мы сутыкнуліся, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.
Як падкрэсліў кіраўнік літоўскай дзяржавы, рашэнне Страсбурскага суда паказвае, што Беларусь свядома выкарыстоўвала міграцыю ў якасці інструменту супраць Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта варожы акт, накіраваны на «дэстабілізацыю нашых краін, паслабленне памежнага кантролю і абмежаванне нашага суверэннага права на рэалізацыю міграцыйнай палітыкі», піша BNS.
— Гэта не палітычная заява, а прызнаная судом і дакументальна пацверджаная рэальнасць. Еўропа павінна быць здольнай абараніць сябе ад такіх гібрыдных атак, адначасова забяспечваючы асноўныя правы чалавека, — адзначыў Наўседа.
Так ён адрэагаваў на тлумачэнне ЭСПЧ аб тым, што выправаджэнне замежнікаў у дзяржаву, якая ажыццяўляе інструменталізаваную міграцыю, само па сабе не азначае парушэння забароны на катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, замацаванай у Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.
На думку Страсбурскага суда, перад выправаджэннем чалавека ў такіх абставінах нацыянальныя ўлады абавязаны выяўляць асобаў, для якіх рызыка жорсткага абыходжання або катаванняў асабліва высокая.
Суд падзяліў такіх асобаў на дзве катэгорыі: відавочна ўразлівых, напрыклад, з прычыны ўзросту, дрэннага стану здароўя або інваліднасці, і тых, хто мае канкрэтныя падставы сцвярджаць, што высылка створыць рэальную пагрозу жыццю або рызыку жорсткага абыходжання.
Свабода/ав