Пенсіянерцы Але Захаравай з вёскі Чырвоная Буда Добрушскага раёна замянілі «хатнюю хімію» на калонію паводле ч. 8 арт. 55 Крымінальнага кодэкса за тое, што яна не прыходзіла адзначацца ў РАУС. Цяпер тэрмін у паўтара года за «абразу Лукашэнкі» 72-гадовая жанчына працягвае адбываць у гомельскай калоніі № 4.
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра лёс пенсіянеркі ад колішняй зняволенай гомельскай калоніі, паведамляе «Гомельская Вясна».
Раней праваабаронцам было вядома, што Алу Захараву спачатку арыштавалі паводле адміністрацыйнага абвінавачвання ў так званым «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», а пакуль трымалі ў вязніцы ў гэтай справе, сфабрыкавалі ўжо крымінальную справу за абразу Лукашэнкі паводле часткі 2 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса.
Увесну 2025 года ў судзе Добрушскага раёна ёй вынеслі прысуд, не звязаны са зняволеннем — тры гады абмежавання волі без накіравання ў карную ўстанову. То бок жанчына магла жыць дома, але, акрамя іншых абмежаванняў, мусіла адзначацца ў Крымінальна-выканаўчай інспекцыі Добрушскага РАУС. Улетку 2025 года МУС запісала Алу Захараву ў свой так званы «спіс экстрэмістаў».
Вёска Чырвоная Буда знаходзіцца за 34 кіламетры ад горада Добруша. Нягледзячы на ўзрост, Ала Захарава яшчэ трымала хатнюю гаспадарку. З-за цяжкасцяў з транспартам і гаспадарчыя клопаты жанчына сталага веку не заўжды паспявала своечасова з'ўляцца на адзнакі ў РАУС.
Сёлета суд Добрушскага раёна вырашыў замяніць для тады 71-гадовай жанчыны абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову на пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на паўтара года. З красавіка 2026 года Алу Захараву трымаюць у калоніі № 4 у Гомелі.
аз