Стартаваў новы сезон літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча — узнагароды за творы, напісаныя ў зняволенні (у тым ліку адноўленыя аўтарамі пасля знішчэння або канфіскацыі рукапісаў), а таксама за творы пра перажытае аўтарамі зняволенне.
Сёлета прэмія ўводзіць змены! Абвешчаны новы каляндар правядзення. Творы будуць ацэньвацца ў наступным пасля завяршэння конкурснага перыяду годзе, гэта значыць, што творы, створаныя на працягу 2026-га года, будуць разглядацца журы ў наступным годзе. Пераходны сезон ахопіць творы, напісаныя з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года.
Прыём заявак доўжыцца з 15 лістапада 2026 года да 20 студзеня 2027 года. Падаць заяўку можна праз электронную форму.
Упершыню прэмія будзе грашовай. Пераможца атрымае грашовы прыз у 2027 годзе.
— Гэтыя змены дазволяць надаць больш увагі беларускай турэмнай літаратуры, якая сёння актыўна вяртаецца да чытачоў, — зазначае Беларускі ПЭН.
Больш за тое, арганізацыя спадзяецца, што «шырэйшае прадстаўленне турэмнай літаратуры і рэгулярнае інфармаванне пра яе творы і аўтараў падчас прэміяльнага сезону дапаможа прыцягнуць дадатковую ўвагу і да тых людзей слова, якія дагэтуль застаюцца ў няволі».
Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНа, станам на 31 кастрычніка 2026 года не менш за 19 дзеячаў культуры знаходзяцца ў зняволенні або адбываюць пакаранне ва ўмовах абмежавання волі ў Беларусі.
Крыніца: Беларускі ПЭН/юл