На сайце Petitions.by апублікаваны адказ Міністэрства працы на зварот з просьбай вярнуць беларускую мову на пенсійныя пасведчанні, паведамляе „Радыё Свабода”.
Аўтары звароту адзначалі, што зацверджаныя ў 2017 годзе беларускія пенсійныя пасведчанні аформленыя толькі па-расейску, хоць да таго былі на дзвюх дзяржаўных мовах, а некалі і толькі па-беларуску. У петыцыі патрабавалі вярнуць беларускую мову на пасведчанні, каб „забяспечыць канстытуцыйную роўнасць дзяржаўных моваў Беларусі”. Зварот падпісалі 235 чалавек.
Намеснік міністра працы Ігар Старавойтаў не адказаў на патрабаванне наўпрост, але заявіў, што новая форма пенсійных пасведчанняў не супярэчыць Канстытуцыі, закону „Аб мовах” і іншым законам.
Акты дзяржаўных органаў, дакументацыя і справаводства, тэксты на бланках і пячатках робяцца „на беларускай і (або) расейскай мовах”, нагадаў намеснік міністра. Такім чынам законы дазваляюць не выкарыстоўваць беларускую мову.
аз