Беларуская Служба

Прадстаўнікі Каталіцкага касцёла ў Беларусі возьмуць удзел у перапахаванні Каліноўскага

27.10.2019 17:03
У цырымоніі ў Вільні возьмуць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі.
ВільняPhoto: jackmac34/pixabay.com/CC0 Public Domain

У пятніцу 22 лістапада ў Вільні адбудзецца цырымонія дзяржаўнага перапахавання нацыянальнага героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. У цырымоніі возьмуць удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі, паведамляе сайт catholic.by.

Падчас працаў па ўмацаванні схілаў гары Гедыміна ў Вільні, якія вяліся са студзеня 2017 года, былі выпадкова знойдзены пахаванні. У выніку праведзеных даследаванняў пацвердзілася прыналежнасць знойдзеных парэшткаў удзельнікам вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якія былі пакараныя смерцю царскімі сатрапамі на Лукішскай плошчы.

У выніку далейшых пошукаў былі выяўлены парэшткі дваццаці кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання, якія будуць перапахаваныя на могілках Роса ў Вільні. У цырымоніі дзяржаўнага перапахавання возьмуць удзел кіраўнікі Літвы і Польшчы, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя Беларусі.

Паўстанне 1863–1864 гг. засталося ў памяці нашых народаў як сімвал самаахвярнага змагання за грамадзянскія правы і рэлігійную свабоду.

Жадаючыя ўзяць удзел у перапахаванні кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага могуць атрымаць ільготную візу ў консульскім аддзеле пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.

Дзеля гэтага да 5 лістапада неабходна прайсці індывідуальную рэгістрацыю, даслаўшы анкету на электронную пошту k1@urm.lt.

Жыхары Гродзенскай і Брэсцкай вобласцяў звяртаюцца ў Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне.

аз