У суботу пасля з'езду Беларускага ПЭН-Цэнтру адбылося ўганараванне прэміяй імя Карласа Шэрмана за найлепшыя перакладныя кнігі 2018 году.
Сёлета прэмія ўпершыню ўручалася ў трох намінацыях – пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі, паведамляе „Свабода”.
Прэмія імя Карласа Шэрмана заснаваная ў 2016 годзе за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Фундатары прэміі — Беларускі ПЭН-Цэнтар, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Міжнародны дабрачынны фонд „Вяртанне”.
Прадстаўнік „Вяртання” Сяргей Макарэвіч сказаў, што задача прэміі — вывесці з ценю перакладчыкаў. Сёлета перакладзена 47 кніг (у тым ліку і з такіх моваў, як санскрыт, ідыш, турэцкая, японская).
Пераможцам прэміі Карласа Шэрмана ў галіне прозы стаў Сяргей Шупа. У галіне паэзіі Антон Францішак Брыль, а ў галіне „Дзіцячая літаратура” - Надзея Кандрусевіч. Яе павіншавала па-беларуску амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юганэсан.
У журы прэміі сёлета былі Вера Бурлак, Марына Казлоўская, Кацярына Маціеўская, Ціхан Чарнякевіч, Ганна Янкута.
Летась прэміяй уганаравалі Веру Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала „Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”.
У 2017 годзе лаўрэатам стаў Андрэй Хадановіч за пераклад вершаў Шарля Бадлера.
Першым лаўрэатам у 2016 годзе стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы карэла-фінскага эпасу „Калевала”.
аз