ЗША шкадуюць, што „альтэрнатыўныя галасы не будуць прадстаўлены ў парламенце” Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа ў сувязі з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія прайшлі 17 лістапада. Тэкст заявы апублікаваны на сайце Дзярждэпартамента ЗША, паведамляе БелаПАН.
Пампеа адзначыў, што місіі па назіранні за выбарамі сумесна прыйшлі да высновы, што „асноўныя свабоды былі праігнараваныя і цэласнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная”.
„Высновы і заўвагі місій Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы з нагоды гэтых выбараў выклікаюць глыбокую трывогу”, - сказаў Пампеа.
Пампеа падкрэсліў, што сур'ёзныя пытанні выклікаюць перашкоды для рэгістрацыі палітычных партый, пазбаўленне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, цэласнасць працэсу датэрміновага галасавання, непразрысты працэс, які не паддаецца праверцы падліку галасоў, адсутнасць плюралізму ў складзе выбарчых камісій, крымінальныя санкцыі за дыфамацыю і абмежаванні для працы СМІ.
„Мы адзначаем, што не было ніякіх істотных змяненняў у выбарчым працэсе з тых, што рэкамендавалі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянская камісія Савета Еўропы. Мы працягваем заклікаць урад Беларусі правесці сур'ёзную рэформу свайго выбарчага заканадаўства і працэсаў у адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі”, — сказаў Пампеа.
Ён дадаў, што ўмацаванне дэмакратыі ўмацуе беларускі суверэнітэт і незалежнасць, якія Злучаныя Штаты безумоўна і цвёрда падтрымліваюць, і пракладзе шлях да ўмацавання двухбаковых сувязей.
аз