Беларуская Служба

Краўчанка: ЗША не дамагаюцца абмежавання кантактаў Беларусі з Расіяй

22.11.2019 14:01
Намесніку міністра замежных спраў Беларусі, які знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне, давялося адказаць на пытанне пра дачыненні Беларусі і Расіі.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Намесніку міністра замежных спраў Беларусі Алегу Краўчанку, які знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне, давялося адказаць на пытанне пра дачыненні Беларусі і Расіі. Карэспандэнт ТАСС пацікавіўся, ці не спрабуюць Злучаныя Штаты дамагацца ад Мінска абмежавання кантактаў з Масквой, паведамляе „Еўрарадыё”.

„Абсалютна не, — кажа Краўчанка. — Ніколі такога не гучала: ні раней, ні цяпер. Сапраўды гэтага абсалютна няма. Я проста ніколі з гэтым не сутыкаўся”.

Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што дачыненні Беларусі і Расіі — „гэта справа Беларусі”. Падчас абмеркаванняў з амерыканскім бокам „ніякіх заклікаў ці чаканняў з боку ЗША ў дачыненні нашага ўзаемадзеяння фактычна не існуе”.

Па словах Алега Краўчанкі, супрацоўніцтва з Расіяй не з'яўляецца нейкім элементам перамоваў Мінска і Вашынгтона. У ЗША разумеюць „гістарычны, аб'ектыўны характар узаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй”.

У апошнія гады адбываецца нармалізацыя дачыненняў Беларусі і ЗША, пра што неаднойчы заяўлялі беларускія афіцыйныя асобы. Пры гэтым Дзярждэпартамент ЗША нядаўна крытычна выказаўся пра вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

аз