Беларуская Служба

Расія раскрытыкавала АБСЕ за ацэнку беларускіх выбараў

22.11.2019 15:11
„Складваецца ўражанне, што гэтыя місіі працавалі ў розных краінах і ўжо дакладна прытрымліваліся розных правілаў і метадалогіі”, — адзначае МЗС Расеі.
Перадвыбарчая агітацыя ў Беларусі Беларуская служба/Польскае радыё

Міністэрства замежных справаў Расеі выдала афіцыйны каментар пра ацэнкі выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі рознымі назіральнікамі, паведамляе „Свабода”.

Расiйскі бок згадвае, што за выбарамі сачылі тысячы міжнародных назіральнікаў, у тым ліку 350 з Расіі. І назіральнікі ад звязаных з Расіяй структураў — СНД, ШАС і Парламенцкага сходу Беларусі і Расiі — прызналі выбары адкрытымі, добра арганізаванымі, адпаведнымі нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным стандартам.

Назіральнікі ад АБСЕ ж адзначалі шматлікія парушэнні, назвалі выбары неадпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам.

„Складваецца ўражанне, што гэтыя місіі працавалі ў розных краінах і ўжо дакладна прытрымліваліся розных правілаў і метадалогіі”, — адзначае МЗС Расiі.

У СНД, сцвярджае Расія, дзейнічаюць міжнародна-прававыя нормы, а БДІПЧ АБСЕ „працуе на прынцыпах, якія сам кулуарна прыдумаў і якія дырэктыўнымі органамі АБСЕ не зацвярджаліся”. Расiя і „многія краіны” заклікалі АБСЕ распрацаваць узгодненыя правілы назірання за выбарамі.

„Расiйскі бок вітае паспяховае правядзенне ў Беларусі парламенцкіх выбараў, якія прайшлі пры поўнай павазе міжнародных дэмакратычных стандартаў, — піша расейскі МЗС. — Лічым ацэнкі місіі пад кіраўніцтвам БДІПЧ неаб’ектыўнымі і палітызаванымі. Шкадуем, што з імі салідарызаваліся ЗША і краіны Еўрасаюза. Спадзяемся на эфектыўную працу з новым складам беларускага парламенту, у тым ліку ў межах Парламенцкага сходу Саюзу Беларусі і Расіі”.

аз