Беларуская Служба

Хакеры выкралі $3 млн з картак беларусаў з пачатку года

26.11.2019 11:33
Рост колькасці распачатых крымінальных спраў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, склаў 111%.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Больш як 6,1 млн. рублёў выкралі кіберзлачынцы з плацежных картак беларусаў у студзені-кастрычніку бягучага года, паведамілі ў Следчым камітэце, паведамляе Інтэрфакс.

Колькасць пацярпелых дасягнула 5991 чалавека, што параўнальна з насельніцтвам, да прыкладу, Радашковічаў, адзначылі ў СК. Рост колькасці распачатых крымінальных спраў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, склаў 111%, гэта значыць іх колькасць вырасла больш чым удвая.

Часцей за ўсё (33,1%) ахвярамі такіх злачынстваў становяцца людзі ва ўзросце 20-29 гадоў.
Больш за ўсё злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 212 Крымінальнага кодэкса («Крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі»), зарэгістравана ў Мінску (1959), Гомельскай (1079) і Мінскай (808) абласцях.

Правіла №1, якое дазваляе засцерагчы банкаўскі рахунак, прывязаны да плацежнай карткі, падкрэсліваюць праваахоўнікі, – нікому не паведамляць ніякіх звестак па тэлефоне, у сацсетках, мэсэнджары (асабліва нумары карт і коды). У банкаўскіх работнікаў ёсць усе патрэбныя дадзеныя. Пры неабходнасці іх удакладніць, вас запросяць наведаць аддзяленне банка.

ав