Беларуская Служба

Новым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі стаў генерал-маёр КДБ

05.12.2019 13:37
Сергеенка – ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.
Prezydent Białorusi Alaksandr Łukaszenka
Prezydent Białorusi Alaksandr ŁukaszenkaPAP/Viktor Drachev/TASS

Новым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі стаў першы намеснік старшыні КДБ, генерал-маёр Ігар Сергеенка, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на агенцтва БелТА. Яму 56 гадоў. Сергеенка – ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў гістфак БДУ (1984), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі (2006), у органах дзяржбяспекі – з 1988-га, да пераезду ў Мінск ачольваў упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці.

59-гадовая Наталля Качанава, якая да Сергеенкі ўзначальвала адміністрацыю, адпраўлена ў адстаўку. Яна адпрацавала на гэтай пасадзе роўна тры гады. Да таго была намеснікам прэм'ер-міністра, адказвала за сацыяльную сферу. Цяпер яна будзе сенатарам па прэзідэнцкай квоце.

Замест Валерыя Міцкевіча, абранага дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта стала прафесар Вольга Чупрыс, якая дагэтуль працавала прарэктарам па навучальнай працы і адукацыйных інавацыях БДУ.

У пачатку 2017-га Сергеенка ўдзельнічаў у круглым стале ў рэдакцыі «СБ. Беларусь сегодня», прысвечаным Курапатам. Ён заявіў, што з тэмы трэба зняць «палітызаванасць». «Сёння ні ў каго не выклікае сумнення тое, што ў Курапатах ляжаць людзі, якія былі бязвінна, незаконна расстраляныя ў 1930-1940-я гады», – гаварыў генерал.

вс