Беларуская Служба

Беларусь шукае нафту ў Бразіліі

09.12.2019 17:35
Цяпер аснову беларускага экспарту ў Бразілію складаюць калійныя ўгнаенні, імпарту з гэтай краіны – самалёты Embraer і сельгаспрадукцыя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў галіне геолагаразведкі, нафтаперапрацоўчай і гарнаруднай прамысловасці абмеркаваў Пасол Беларусі ў Бразіліі Аляксандр Царкоўскі з намеснікам міністра гарнаруднай прамысловасці і энергетыкі Бразіліі Аляксандрам Відзігалам дэ Алівейра.

Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў.

Раней аб магчымасці прыцягнення беларускіх кампаній да праекта па асваенні новых радовішчаў нафты і здабычы нафты ў Бразіліі расказваў журналістам пасол Бразіліі ў Беларусі Паўла Фернанда Дыяс Ферэс. У гэтай краіне ёсць дастатковыя запасы нафты, вядуцца даследаванні па ацэнцы новых пакладаў нафты і прыроднага газу, адпаведна актуальна тэма іх распрацоўкі.

«Беларусь мае вопыт і веды па здабычы нафты на сушы. Да прыезду ў Мінск я размаўляў са спадаром Царкоўскім (паслом Беларусі ў Бразіліі Аляксандрам Царкоўскім. – Заўвага БЕЛТА) і ён згадаў аб такой магчымасці. Так супала, што маім сябрам з'яўляецца дырэктар другой па памеры кампаніі па здабычы нафты ў Бразіліі. Я арганізаваў сустрэчу прадстаўнікоў беларускага пасольства і гэтай кампаніі», – расказаў пасол. Цяпер аснову беларускага экспарту ў Бразілію складаюць калійныя ўгнаенні, імпарту з гэтай краіны – самалёты Embraer і сельгаспрадукцыя.

яс