У 71-ю гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая адзначаецца 10 снежня, беларускія праваабаронцы гавораць пра адсутнасць сістэмных змен у сферы правоў чалавека.
У каментары БелаПАН старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў 2019 годзе заставалася „стабільна дрэннай”.
„Год быў даволі трывожны, — сказаў ён. — Мы сутыкаліся з перманентным парушэннем грамадзянска-палітычных правоў, якія выліваліся ў пераслед грамадскіх актывістаў, журналістаў, блогераў. Паводле нашых разлікаў, да канца года колькасць пакараных штрафамі складзе каля 250 чалавек. Мы бачым, што ўлады пераследавалі грамадскіх актывістаў, якія прымалі ўдзел у публічных акцыях, і тых журналістаў і блогераў, якія займаліся распаўсюджваннем інфармацыі. Відавочна, што была скаардынаваная кампанія па іх пераследзе (…) Істотных, комплексных змен па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека не адбылося”, — падкрэсліў Бяляцкі.
Ён звярнуў увагу на тое, што лістападаўскія выбары ў Палату прадстаўнікоў беларускія праваабарончыя арганізацыі аднадушна ацэньваюць як „несправядлівыя, непразрыстыя, сфальсіфікаваныя”.
Праваабаронца не выключае, што ў 2020 годзе, калі павінны прайсці прэзідэнцкія выбары, „узровень пераследу актыўных грамадзян можа быць даволі высокім”.
Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак таксама адзначае адсутнасць сістэмных змен у сферы правоў чалавека, але лічыць, што „некаторыя паляпшэнні ўсё ж мелі месца — яны датычыліся не законаў, а практыкі іх прымянення”.
аз