Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўразвяза, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на сустрэчы з прэмʼер-міністрам Латвіі Крышʼянісам Карыньшэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
- Мы зацікаўлены ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўразвяза і хацелі б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял «Усходняга партнёрства» для развіцця беларускай эканомікі. І дапамогу Латвіі ў прасоўванні па гэтым шляху мы вельмі цэнім, – адзначыў Сяргей Румас.
Ён выказаў удзячнасць за канструктыўную пазіцыю Латвіі ў выбудоўванні поўнамаштабнага дыялогу Беларусі з Еўрапейскім Звязам, у тым ліку падтрымку намаганняў Беларусі па ліквідацыі любых перашкод на шляху інвестыцыйнага і крэдытнага супрацоўніцтва з краінамі ЕЗ.
- Спадзяюся, што нашы сустрэчы дапамогуць сфармаваць сурʼёзную аснову для падрыхтоўкі і правядзення візіту кіраўніка дзяржавы і сустрэчы з вашым прэзідэнтам ужо ў бліжэйшы час, – дадаў кіраўнік беларускага ўрада.
Крышʼяніс Карыньш у сваю чаргу адзначыў, што для Латвіі Беларусь – вельмі важны сусед. - І мы вельмі рады бачыць незалежную, стабільную Беларусь. У ходзе гэтага візіту так жа, як, напэўна, і вы, спадзяюся дапамагчы ўмацаваць адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі, – сказаў латвійскі прэмʼер.
Ён падкрэсліў зацікаўленасць Латвіі не толькі ва ўмацаванні двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але і адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам, асабліва ва «Усходнім партнёрстве». - У ім мы ўдзельнічаем вельмі актыўна і з цікавасцю назіраем, як Беларусь і ЕЗ могуць умацоўваць свае адносіны. І, вядома ж, у гэтым ключы мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і НАТА, – дадаў Крышʼяніс Карыньш.
ав