Краіны па ўзаемнай дамоўленасці ўносяць змены ў міжурадавую дамову аб аўтамабільных зносінах ад 1992 году, перадае «Радыё свабода».
Змены скасоўваюць дазвольную сістэму на нерэгулярную перавозку грузаў і пасажыраў аўтатранспартам.
«Мы зрабілі сур’ёзны крок, неабходны для лібералізацыі аўтамабільных перавозак паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь. Яшчэ два гады таму двухбаковыя дазволы Беларусі былі ў надзвычайным дэфіцыце, і падпісанне пратаколу нівелюе любыя рызыкі для стварэння такога дэфіцыту ў будучыні», – заявіў міністр інфраструктуры Украіны Уладзіслаў Крыклій пасля падпісання дакументу.
Ад імя беларускага ўраду пратакол аб зменах міжурадавага дагавору падпісаў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка. Каб дакумент набыў моц, яго мусяць ратыфікаваць парламент абедзвюх краінаў.
Украінскі міністр таксама паведаміў, што ў часе сёлетняй навігацыі плануецца паглыбіць дно ўкраінскага ўчастку ракі Прыпяць і такім чынам пачаць практычнае аднаўленне міжнароднага воднага шляху Е-40.
Першыя грузавыя перавозкі праз Прыпяць і Дняпро да Чорнага мора запланаваныя на другую палову 2020 году, а адкрыццё першага турыстычнага воднага маршруту «Кіеў – Мазыр – Кіеў» анансавана на канец красавіка.
Гэтыя заявы ўкраінскага міністра выклікалі імгненную рэакцыю Партыі зялёных Украіны – яны заклікалі свой урад адмовіцца ад рэалізацыі праекту аднаўлення воднага шляху Е-40, які лічаць экалагічна-эканамічнай авантурай.
эж