Беларуская Служба

Генсакратар NATO заклікаў Расію шанаваць суверэнітэт Беларусі

14.02.2020 07:43
Генсакратар NATO падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца партнёрам альянсу, і NATO гэта цэніць. 
Flaga NATO
Flaga NATOŁukasz Kowalski/Polskie Radio/IAR

NATO заклікае Расію шанаваць суверэнітэт усіх нацый Еўропы. Пра гэта заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, адказваючы на пытанне тэлеканала "Белсат", перадае "Еўрарадыё".  

12-13 лютага ў Бруселі збіраліся міністры абароны краінаў NATO. Яны абмяркоўвалі магчымыя адказы на выклікі бяспекі ў сувязі з разгортваннем расійскай ракетнай сістэмы SSC-8 ("Новатор 9M729"). 

Падчас прэс-канферэнцыі Енса Столтэнберга журналіст "Белсата" адзначыў, што расійскі ціск на Беларусь апошнім часам узмацняецца і ёсць пагроза размяшчэння расійскіх ракет у Беларусі і пад Калінінградам. Ён спытаўся ў Столтэнберга: "Ці думаеце вы, што цяпер добры час, каб сустрэцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі ды паразмаўляць пра гэта?"

Генсакратар NATO ў сваім адказе падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца партнёрам альянсу, і NATO гэта цэніць. "Беларусь — гэта суверэнная нацыя, якая прымае суверэнныя рашэнні, і мы шануем гэтыя рашэнні. Мы таксама, вядома, заклікаем Расію паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх нацый у Еўропе, у тым ліку Беларусі", — заявіў Столтэнберг. 

Ён нагадаў, што ўсе нацыі ў Еўропе маюць права прымаць уласныя рашэнні без умяшання з боку суседзяў.

эж