Беларуская Служба

У Беларусі абмежавалі наведванне бальніц роднымі пацыентаў

03.03.2020 18:41
Адпаведныя захады прынятыя для прадухілення перакрыжавання заражэнняў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/S_Photo

У Беларусі абмежавалі наведванне пацыентаў у шпіталях. Як доўга працягнецца абмежаванне, будзе залежаць ад узроўню захворвання ВРЗ, паведамляе партал tut.by.

У Камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама пацвярджаюць, што ў бальніцах Мінска з 2 сакавіка ўвялі абмежаванне на наведванні сваякамі пацыентаў. Начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта Ірына Дрозд распавяла, што выйшаў загад аб узмацненні мер па прафілактыцы вострых рэспіраторных захворванняў у рамках эпідэміялагічнага ўздыму. Паводле яе, адпаведныя захады прынятыя для прадухілення перакрыжавання заражэнняў.

Калі ў пацыента не цяжкі стан, то ён, паводле словаў Ірыны Дрозд, зможа спусціцца ў хол бальніцы і сустрэцца з роднымі.

Дзіяна Пратасевіч, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы, патлумачыла, што ў клініцы застаецца магчымасць нешта пацыентам перадаць. Гэта можна зрабіць праз стол даведак у цэнтральным холе бальніцы ў любы час, акрамя ціхай гадзіны. Таксама сваякі могуць звярнуцца да загадчыка аддзялення, каб ён выдаў пропуск на наведванне. Ці выдадуць пропуск, залежыць ад стану здароўя пацыента. Калі ён мае патрэбу ў дапамозе, калі гэта анкалагічнае захворванне, то родным дазволяць наведваць такіх пацыентаў.

Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Барадун патлумачыла, што з-за далейшага перыяду сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных інфекцый наведванне хворых сваякамі абмежавана ва ўсіх установах аховы здароўя Беларусі.

вс