Беларуская Служба

Міліцыя кругласутачна ахоўвае людзей, якія знаходзяцца на каранціне з-за каранавіруса

13.03.2020 17:16
«Кожны грамадзянін павінен асабліва ўважліва ставіцца да свайго здароўя, прытрымлівацца адказных паводзінаў у адносінах да людзей навокал».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Супрацоўнікі міліцыі кругласутачна ахоўваюць грамадскі парадак у месцах, дзе ўтрымліваюцца на каранціне грамадзяне, якія прыбылі з небяспечных па каранавірусу рэгіёнаў.

Пра гэта паведаміў журналістам міністр унутраных спраў Юрый Караеў 13 сакавіка ў Мінску па выніках свайго дакладу Аляксандру Лукашэнку, інфармуе партал naviny.by.

Як паведаміла ў телеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, супрацоўнікі міліцыі дапамагаюць медыкам, каб «каранцін надзейна выконваўся, а таксама праводзяць асветніцкую і прафілактычную работу сярод насельніцтва».

Караеў звярнуў увагу, што «кожны грамадзянін павінен асабліва ўважліва ставіцца да свайго здароўя, прытрымлівацца адказных паводзінаў у адносінах да людзей навокал». Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр падкрэсліў, што «ў сітуацыі, якая склалася, трэба дзейнічаць без нервовасці і рэзкіх рухаў».

«Асабіста я займаюся спортам, цалкам заняты ўвесь працоўны дзень, але стараюся абмежаваць кантакты там, дзе без іх можна абысціся», – сказаў міністр.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у бальніцах зараз знаходзяцца 24 пацыенты з COVID-19. Адзін з іх – у стане сярэдняй ступені цяжкасці. На медыцынскім кантролі знаходзяцца 225 чалавек.

вс